За амаль чатыры гады поўнамаштабнай вайны ўкраінцы не тое каб прывыклі, колькі навучыліся прыстасоўвацца да небяспечных умоў жыцця. І стараюцца жыць паўнавартасна: адзначаюць святы, ходзяць у госці, наведваюць кінатэатры, працуюць, вучацца, вядуць бізнес. Адным словам, “жывуць жыццё”. І ўсё гэта – насуперак абстрэлам, шахедам, якія лётаюць, і пастаянныям паветраным трывогам. Нядаўняя маштабная ракетна-дронавая атака на энергетычную інфраструктуру пазбавіла электразабеспячэння многія рэгіёны Украіны.

Часта аварыйна-аднаўленчыя работы немагчыма правесці з меркаванняў бяспекі. Самая складаная сітуацыя цяпер у Кіеве: ва ўсіх раёнах сталіцы былі ўведзены экстраныя адключэнні электраэнергіі. То бок пагадзінныя графікі не дзейнічаюць. Горад апынуўся амаль у поўным блэкауце. Многія сеткавыя супермаркеты вывесілі аб’явы пра закрыццё – з-за адсутнасці электрычнасці і холаду. Як вынік, кіяўляне ў паніцы пачалі спусташаць крамы, бо сталіца для ворага застаецца мэтай нумар адзін. І ў гэтай трывожнай логіцы страху ўзнікае думка, ад якой цяжка адмахнуцца: усё гэта ўжо было – і можа паўтарыцца.
А ўкраінскія тэлеграм-каналы пястраць загалоўкамі кшталту «У Кіеве дэфіцыт хлеба», «Паліцы з хлебам і вадой пустыя». І, зразумела, з фотаздымкамі ў дадатак. Потым гэтыя «сенсацыі» без праблем ўсплывуць у тэлевізійных шоў на Гебельс-ТБ, і чарговая памыйная яма выплюне зларадны каментар. Насамрэч элемент панікі сярод кіеўлянаў быў, але хутка астыў, варта было прайсціся па іншых крамах. І хлеб, і вада, і ўсё тое іншае, што прыносіць маленькія чалавечыя радасці. А тым бясстрашным людзям, якія днём і ноччу аднаўляюць інфраструктуру сталіцы, застаецца толькі пажадаць вытрымкі і ўдачы.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






