Народ варты сваіх герояў. Гэтая глыбокая сувязь паміж каштоўнасцямі грамадства і асобамі, якіх яно ўзвышае, адлюстроўвае ідэалы і дух часу. Але калі «героямі» так званай СВА становяцца тыя, хто ўжо вярнуўся з фронту і сваімі дзеяннямі псуе статыстыку цяжкіх злачынстваў, узнікае вострая патрэба тэрмінова шукаць новага куміра. Расейскі фюрар назваў іх «элитой, которой не страшно передать в руки страну». І сапраўды: забіваў на тэрыторыі іншай дзяржавы, вярнуўся ў сваю, тыдзень піў, а затым – па звычцы да забойства і з адчуваннем поўнай беспакаранасці – пазбавіў жыцця суседа. Пасля гэтага накіраваўся ў школу і правёў для дзяцей «урок пра важнае».

Гэта, мякка кажучы, даволі нязручныя факты для “эліты”. Новага героя ў літаральным сэнсе выцягнулі за вушы з любімага многімі расейцамі савецкага мінулага. А чым вам не кумір – Чабурашка? Некалькі пакаленняў яго ведае і дзяцей сваіх навучыць. На тле татальнага імпартазамяшчэння ён стаў галоўным супернікам дыснееўскіх персанажаў. Фільм “Чабурашка” 2023 года выпуску стаў самым прыбытковым у гісторыі расейскага кінапракату. І пакуль «эліта» увесь час нагадвае аб суровых рэаліях, Чабурашка дапамагае ад іх адцягнуць увагу.
Новы герой набыў такі маштаб, што яго нацыянальную прыналежнасць абмяркоўвалі нават у Дзяржаўнай думе. Ён мог прыехаць у скрынцы з апельсінамі як з Марока ці Іспаніі, так і з Ізраілю (шчыра кажучы, гэта далёка не ўсім прыйшлося даспадобы). Урэшце “Саюзмультфільм” паставіў кропку на альтэрнатыўных версіях і назваў Чабурашку нацыянальным здабыткам, а не замежнікам.
Тым часам ў Савеце Федэрацыі, у рамках імпартазамяшчэння, выступілі з ініцыятывай стварыць нацыянальны парк забаў “Чабурляндыя”. Маўляў, савецкія і расейскія персанажы – Чабурашка, Кракадзіл Гена, Віні-Пух і Карлсан (відаць, Астрыд Ліндгрэн і Мілн ужо таксама «нацыяналізаваныя») – павінны фармаваць у дзяцей «правільную ідэнтычнасць» (чытай: стаць чарговай пляцоўкай для ідэалагічнай апрацоўкі).
У цэлым, Чабурляндыя – выдатная ідэя. І чым вам не назва для цэлай краіны? Або, прынамсі, для Дзяржаўнай думы.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






