Беларускі фатограф, летапісец падзей найноўшай гісторыі краіны Уладзімір Кармілкін нарадзіўся 15 лютага 1934 года ў гістарычна беларускім Смаленску. Фактычна ягонай біяграфіі яшчэ ніхто не напісаў. Вядома, што Кармілкін меў тэхнічную адукацыю, ажно 25 гадоў свайго жыцця ён аддаў службе ў войску, але вельмі важна, не паддаўся ні на якую савецкую прапаганду і заўсёды, па словах Вінцука Вячоркі, заставаўся верным народным прынцыпам. Уладзімір Кармілкін быў чалавекам, для якога галоўным у жыцці была Беларусь. Ён па сутнасці стварыў фотахроніку барацьбы супраць камуністычных ідэяў, супраць рэжыму, дыктатуры савецкага саюза і Лукашэнкі. Іншага такога чалавека, які зрабіў бы столькі дзеля стварэння дакументальнай кронікі Беларусі, хіба не было. Зянон Пазьняк так характарызаваў Кармілкіна: «Па характару, па дабрыні і па перакананнях ён быў адданым беларусам, бяскрыўдным і жыццярадасным працаўніком, які сам знайшоў сабе працу на беларускай ніве і рабіў яе самааддана і добра».
Кармілкін пры жыцці здабыў сабе славу фоталетапісца БНФ і ўсёй, больш шырокай, хвалі беларускага Адраджэньня. Уладзімір Арлоў піша, што ў дзень народзінаў за сталом у спадара Кармілкіна можна было сустрэць народнага пісьменніка Васіля Быкава, вучонага і палітыка Юрыя Хадыку, вядомых мастакоў, літаратараў, музыкаў. Іхнія клопаты і памкненні былі і справай яго жыцця. У кватэры Кармілкіна часта збіраліся палітыкі і журналісты, дыпламаты, артысты; натуральна, фатографы і людзі кіно. Людзі ішлі ня толькі каб пачаставацца “дарамі прыроды”, вялікім аматарам якіх быў сам гаспадар (дачка казала, што ён абсалютна адпавядаў свайму прозвішчу), але і пакорпацца ў шматлікіх архівах, якія фатограф распачаў з надыходам гарбачоўскай перабудовы.
Уладзімір Кармілкін зрабіўся своеасаблівым сымбалем апазіцыйных акцыяў. Мікрафон ад ягонага старога рэпартафона заўсёды быў нацэлены на выступоўцу. Многія ўзгадваюць пры гэтым цікавы момант, калі аднойчы Кармілкін безапеляцыйна змусіў трымаць мікрафон былога амбасадара ЗША ў Беларусі Дэніэла Спекгарда, бо якраз трэба было тэрмінова зрабіць здымак.
Ён быў заўсёды ў эпіцэнтры падзей і акцый. На Чарнобыльскім шляху 1996 года ён адарваўся ад фотааб’ектыву, каб перавязаць параненага сілавікамі, і сам пры тым атрымаў жорсткі ўдар па галаве. Як майстар-фатограф ён ня меў дарагой сучаснай оптыкі, але гэта заўсёды кампенсавалася яго фантастычнай нястомнасцю і ўменнем выбраць ракурс, убачыць цікавую сітуацыю. Кармілкін зрабіў тысячы здымкаў, соткі якіх застануцца пазней у розных выданнях, кнігах і будучых даследаваннях. Менавіта такія ціхія рупліўцы нацыянальнага адраджэння ствараюць вельмі шмат для сваёй нацыі, а потым іх часцяком, на жаль, забываюць.
Асабліва трапяткое стаўленне было ў Кармілкіна да Васіля Быкава. Ад’язджаючы за мяжу Быкаў атрымаў ад Кармілкіна ў падарунак Пагоню і бел-чырвона-белы сцяжок, з якімі не расставаўся да сваіх апошніх дзён.
Дачка фатографа Міліта стала вядомай мастачкай. Апошнія гады Кармілкін жыў адзін, у яго быў сабачка Жуля, якога некалі дачка падабрала на вуліцы і які стаўся жывым атрыбутам кватэры. У пасведчанне аб смерці Уладзіміра Кармілкіна запісалі ўмоўную дату – 14 ліпеня 2002 года, бо яго знайшлі ў мінскай кватэры толькі пасля некалькіх дзён пасля таго, як гаспадар памёр. Пахаваны Кармілкін на Усходніх могілках беларускай сталіцы.