BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ён быў простым хлопцам, падыходзіў да ўсяго па-гаспадарску”

Стала вядома пра гібель 4 сакавіка беларускага добраахвотніка Васіля “Дзіра” Рапіцкага. Пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках паведаміла яго жонка Святлана.

Васіль Рапіцкі загінуў падчас баявога задання ў выніку атакі так званага “дрона-ждуна”, мужчыне было 40 гадоў і ў яго засталося двое няпоўнагадовых дзяцей. Ваяр паходзіць з беларускага горада Крупкі, але апошнім часам жыў з сям’ёй у Кіеве.

Госць Рацыі – былы добраахвотнік Аляксандр Клачко распавядае, якім ён запомніў свайго пабраціма Васіля Рапіцкага нашаму радыё.

Аляксандр Клачко
Аляксандр Клачко

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра Васіля Рапіцкага, пра ваяра, які загінуў ва Украіне. Як вы можаце яго ахарактарызаваць як чалавека і што вам вядома пра яго гібель?

Аляксандр Клачко: Наколькі я памятаю, “Дзір” далучыўся да Палка імя Кастуся Каліноўскага, тады ў нас была іншая назва – батальён імя Кастуся Каліноўскага. А вясной 2022 года я яго слаба памятаю, адзінае памятаю, што ў Мікалаеве мы тады былі разам на адным сумесным фота пасля таго, як мы вызвалілі сяло Лазавое на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Не памятаю яго ў Лісічанску, магчыма., ён быў у іншай групе з намі там.

Але потым, калі ўжо другі раз вярнуўся на вайну, у верасні 2022 года, то я адразу мэтанакіравана папрасіўся ў камандзіра падраздзялення ПТРК (супраць танкавы ракетны комплекс) да іх, каб навучыцца знішчаць варожую бронетэхніку, бо ад яе загінуў “Брэст”, “Атам”, “Папік”, “Сябро”, а “Клешч” і “Тромблі” трапілі ў палон. І я паставіў сабе на мэту навучыцца працаваць гэтай супрацьтанкавай зброяй.

У нас была зброя, яна працавала пастаянна, проста разлікі каля яе мяняліся. Тры тыдні працуе наша змена, якую ўзначальваў “Дзір”, і тры тыдні працавала іншая змена, якую ўзначальваў іншы хлопец, я не магу назваць яго пазыўны, назавём яго “Гідра”, ён загінуў восенню 2023 года.

РР: Якім ён быў як камандзір, ён шкадаваў сваіх падначаленых ці ўсё ж такі ў яго былі больш жорсткія метады?

Аляксандр Клачко: Ведаеце, мы ж добраахвотнікі, там у нас няма такога, што я камандзір, я сказаў і ты павінен зрабіць, то бок у нас больш такі дух пабрацімства, на гэтым усё базавалася.

РР: Там не было такіх загадаў, што “я сказаў і ўсё – ты павінен гэта зрабіць”?

Аляксандр Клачко: Я нават свайму камандзіру-курсанту ў пэўны час казаў, калі ён сказаў, што, “Кусь”, ты павінен выканаць любы загад не думаючы. Я кажу: “Курсант, у адрозненне ад лукашысцкага жаўнера, я не выканаю загад не думаючы”. То бок загад, які супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, я дакладна не выканаю. І гэта мяне адрознівала ад лукашысцкага жаўнера, што перад тым, як выканаць загад, і калі гэта злачынны загад, то я пра гэта буду думаць. І калі я гэта буду асэнсаваць, што гэта злачынны загад супраць нацыянальных інтарэсаў маёй краіны, то я яго дакладна выконваць не буду. У адрозненне, паўтаруся, ад лукашысцкага жаўнера. У мяне такі падыход як мінімум быў.

Мы добраахвотнікі, таму мне здаецца, што трохі іншая спецыфіка ў адрозненні ад тых, каго бяруць прымусова па прызыве. Гэта своеасаблівая кухня. У кожнага сваё можа быць бачанне, можа, хтосьці і выконвае бяздумна, але ў мяне такі падыход.

А што тычыцца “Дзіра”, то ён быў часам з намі. Быў камандзірам нашага разліку СПГ-9, чацвёртым, звычайна мы працавалі ўтрох. А калі ён быў чацвёртым, то ён выконваў функцыю гэтага камандзіра разліку.

Калі вы бачылі відэа на канале Палка імя Каліноўскага, як ракета “Мілана” знішчае расейскі бліндаж на Бахмутаўскім накірунку, гэта, мабыць, быў люты 2023 года, гэта менавіта “Дзір” выпусціў гэтую ракету. І вось там гэтыя бярвенні ляцелі ў розныя бакі ад таго расейскага бліндажа.

Як камандзіра, якім бачыў яго я? Ён быў просты хлопец, які да вайны ніяк з войскам не быў звязаны. Ён працаваў на будоўлі, мы з ім размаўлялі на розныя тэмы, і як ён да гэтага жыў, як зарабляў грошы. Ён зарабляў вельмі добрыя грошы, там нават гучала, што па 2500 даляраў, ці еўра, не памятаю ўжо, ён мог зарабляць у месяц. У яго была свая кватэра ў Кіеве, у спальным раёне. Неаднаразова я быў у яго дома, нават калі камісаваўся ў 2023 годзе летам-восенню я тыдзень ці два жыў там нават у яго ў кватэры. Бо яны з жонкай і дзяцьмі з’язджалі на нейкі час да бацькоў у сельскую мясцовасць.

І ён быў простым хлопцам, як мне падаецца. Ён вельмі па-гаспадарску падыходзіў да выканання сваіх абавязкаў. То бок гэта як праца была, бо вайна –  гэта праца была для нас. На будоўлі ён добра выконваў сваю працу, так і там. Думаў, каб усё было зроблена не абы-як, а з такім гаспадарскім падыходам. Не злоўжываў сваімі каманднымі паўнамоцтвамі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя