BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён не выдаў сваіх аднадумцаў

16 студзеня спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Рамуальда Траўгута (1826-1864).

Рамуальд Траўгут, 1862 г.
Рамуальд Траўгут, 1862 г.

Рамуальд Траўгут нарадзіўся ў вёсцы Шастакова Берасцейскага павета (цяпер Камянецкі раён Берасцейскай вобласці) у незаможнай дваранскай сям’і. Хлопчыку было ўсяго два гады, калі памерла маці. У дзесяцігадовым узросце ён паступіў у Свіслацкую гімназію, якую скончыў у 1842 годзе з срэбным медалём. Схільнасці да матэматыкі і малявання прадвызначылі выбар прафесіі. Было вырашана, што юнак стане ваенным інжынерам. Аднак у Пецярбургскую інжынерную акадэмію паступіць не змог. Вымушаны быў пайсці служыць юнкерам у сапёрны батальён, які знаходзіўся каля Варшавы. Прафесія афіцэра давалася яму нялёгка. Першае воінскае званне прапаршчыка Рамуальд Траўгут атрымаў толькі пасля трох гадоў службы. У 1849 годзе батальён у складзе дзеючай арміі быў накіраваны на падаўленне венгерскай рэвалюцыі, потым удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Дунайскіх княствах.

У сакавіку 1854 годзе паручнік Рамуальд Траўгут узводзіў пад абстрэлам туркаў пазіцыі батарэй і пераправы на Дунаі. Прымаў удзел у Крымскай вайне, абароне Севастопаля. У 1855 годзе кіраваў дзеяннямі на абарончай лініі горада. Летам 1855 года Рамуальда Траўгута перавялі ў Харкаў у галоўны штаб Паўднёвай арміі. Тут ён быў прызначаны армейскім казначэем, а праз некаторы час старшым ад’ютантам. У 1859 годзе яго адкамандзіравалі ў распараджэнне корпуса ваенных інжынераў, дзе атрымаў накіраванне ў Санкт-Пецярбург у Тэхнічную гальванічную ўстанову.

У 1862 годзе ў чыне інжынер-палкоўніка Рамуальд Траўгут выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў наследаваным маёнтку Востраў Кобрынскага павета, дзе працягваў займацца навуковымі даследаваннямі. Так пачаўся новы этап у жыцці Рамуальда Траўгута. Жыццё ў палескай вёсцы цякло спакойна і павольна, пакуль сюды не дайшлі водгукі паўстання. Да Рамуальда Траўгута звярнуліся з просьбай прыняць камандаванне паўстанцкім атрадам Кобрынскага павета. Перспектывы паўстання ён ацэньваў вельмі песімістычна, але як патрыёт згадзіўся на прапанову. Падзяляючы імкненні да нацыянальнага вызвалення, лічыў паўстанне рызыкоўным і непадрыхтаваным. У складзе атрада са 160 чалавек былі чыноўнікі, шляхта, невялікая колькасць памешчыцкіх служачых і сялян. Рамуальд Траўгут, які выступіў пад псеўданімам Кракаўскі, быў суровым камандзірам, патрабаваў жалезнай дысцыпліны, строга караў за расхлябанасць. Праз два тыдні пасля арганізацыі атрада ён падвергнуўся нападу царскіх войск. У баях з карнікамі каля вёскі Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрвені 1863 года разам з Брэсцкім атрадам Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўночную Валынь. Баі былі няроўнымі. Пасля аднаго з іх Рамуальд Траўгут распусціў знясілены атрад і аддаў загад невялікімі групамі прабірацца ў Берасцейскі і Кобрынскі паветы, каб далучыцца да іншых атрадаў.

Са сваім атрадам Траўгут спыніўся ў Людвінава, дзе быў маёнтак Ажэшкаў і куды прыехала маладая Эліза са сваім мужам Пятром. Хворы і ранены Траўгут хаваўся ў доме Ажэшкаў, а сама Эліза дапамагла вывезці кіраўніка паўстанскага атрада праз мяжу. За гэта Петр Ажэшка быў высланы ў Пермскую губерню.

У сакавіку 1864 года Траўгут быў арыштаваны ў Варшаве. Знаходзіўся ў зняволенні пад судом у Варшаўскай цытадэлі. У абмен на змякчэнне прысуду адмовіўся выдаць сваіх аднадумцаў, якія заставаліся на волі. 19 ліпеня 1864 года Рамуальд Траўгут быў пазбаўлены ўсіх чыноў і ўзнагарод і прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. 5 жніўня 1864 года Траўгут быў павешаны разам з іншымі сябрамі падпольнага ўрада.

Паштовая марка, прысвечана Рамуальду Траўгуту
Паштовая марка, прысвечана Рамуальду Траўгуту
Рамуальд Траўгут. Мастак Тадэвуш Былеўскі
Рамуальд Траўгут. Мастак Тадэвуш Былеўскі

Беларускае Радыё Рацыя