Сёння, 6 жніўня, спаўняецца 60 год з дня нараджэння вядомага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Пушкіна. Ён нарадзіўся 6 жніўня 1965 у мястэчку Бобр Крупскага раёна.

Мастак разам з роднымі і сябрамі мог бы адзначаць свой юбілей, але гэтага ўжо не адбудзецца: два гады таму 11 ліпеня, 2023 года ён загінуў у гарадзенскім шпіталі з-за несвоечасовага аказання медычнай дапамогі ў беларускай вязніцы.
Вядомага мастака-перформара згадваюць яго аднакласнікі, сябры і калегі Павел Сарапеня і Лілія Паўлава, якія зараз жывуць у Ізраілі.

Як кажа мастачка Лілія Паўлава, яны вучыліся з Алесем Пушкіным разам з 5 па 11 клас і пасля мастацкай акадэміі таксама сябравалі, супрацоўнічалі і ладзілі розныя перформансы ў Віцебску, дзе Пушкін адкрыў сваю галерэю:
– Я так думаю, што вось гэты яго першы перформанс пра Язафата Кунцэвіча вельмі сімвалічны – ён нёс свой крыж, было халоднае надвор’е, яго аблівалі белай, чырвонай, чорнай фарбай – і ён гэты крыж данёс. Потым яго на чоўне пусцілі па рацэ разам з гэтым крыжам. То бок атрымалася сімвалічна – ён пачаў несці свой крыж і данёс яго да канца, і ні разу не здрадзіў сваёй Радзіме.
Паводле сяброў Алеся Пушкіна, ён казаў ім, што збіраецца жыць доўга, як Марк Шагал, але сталася па-іншаму.

Павел Сарапеня згадвае той час, калі яны пачулі з сябрамі навіну пра заўчасную смерць мастака:
– Калі мы былі ў Цфаце – горадзе, у якім вывучаецца кабала, быў такі цёплы, вясёлы, летні вечар. Мы сядзелі ў садзе вакол ружаў, і, здавалася, што жыццё на высокім узроўні магчымасцяў. І тут мы пачулі пра тое, што адбылося з Сашам Пушкіным. Гэта быў такі моцны ўдар, радасныя фарбы змяніліся чорнымі.
Як кажуць Лілія Паўлава і Павел Сарапеня, яны спадзяюцца на тое, што ў Новай Беларусі калісьці ўзнікне музей ці галерэя ў гонар Алеся Пушкіна, а мо нават прэмія ў яго імя. “А памяняць ужо існуючыя вуліцы Пушкіна ў Беларусі будзе не праблема, трэба будзе проста змяніць слова Аляксандр на Алесь”, – падсумоўваюць сябры мастака.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:



Беларускае Радыё Рацыя






