BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фінансавы кансультант вярнуўся з-за мяжы. Яму пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцыяў»

46-гадовы Уладзімір Нікіцін з’язджаў у Польшчу, але ўрэшце вярнуўся.

Уладзімір Нікіцін. Фота з ягонага фэйсбука

Уладзіміру Нікіціну 46 гадоў. Ён мянчук, у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Кіраванне продажамі», паведамляе Наша Ніва. А ў 2009-м годзе Уладзімір паступіў у Расейскую акадэмію народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расеі на магістратуру ў галіне фінансаў, якую скончыў у траўні 2011-га. Карʼеру фінансавага аналітыка мужчына пачаў у кампаніі VDS у 2004-м. Уладзімір таксама вёў трэнінгі і адукацыйныя курсы па кіраванні фінансамі для кампаніяў. Апошняе вядомае месца працы мужчыны – фінансавы кантралёр у Belkanton Group, буйной кампаніі-дыстрыбʼютары канцылярскіх тавараў, якая, сярод іншага, валодае сеткай крамаў Афістон і часопісам Office Life.

Мяркуючы па ягоным Linkedin, не пазней за ліпень 2023-га Уладзімір звольніўся і пераехаў жыць у Польшчу. Імаверна, яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь. Дзейнасць ІП Уладзіміра прыпыненая з 5 лістапада 2023-га года. Дата затрымання мужчыны невядомая.

Суд над Уладзімірам пачнецца 29 красавіка ў Менскім гарадскім судзе. За «заклікі да санкцыяў» мужчыне пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачання невядомая.

Крыніца: Наша Ніва