BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

BySol пад шквалам крытыкі

Калі 11 верасня ў Літву вывезлі 51 беларускага палітвязня, фонд «Байсол» абвясціў экстранны збор дапамогі для іх. У выніку сабралі больш за 111 тысяч еўра. Многія меркавалі, што суму падзеляць пароўну на ўсіх і раздадуць. Але механізм аказаўся іншы.

Прадстаўнік фонду Зміцер Ягораў расказаў «Нашай Ніве», што вызваленыя палітвязні ўжо атрымалі першую грашовую дапамогу. Гаворка пра тысячу еўра на чалавека, якія выплачваюцца са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду, а не з сабраных 111 тысяч еўра. Гэтыя грошы перадалі 31 былому палітвязню — столькі вывезеных звярнуліся па тую суму. Што да грошай са збору, то вось якім чынам яны будуць размеркаваныя: «Мы абвясцілі збор на 50 тысяч еўра, а сабралі 111 тысяч — дзякуй усім, хто далучыўся. Рашэннем фонду 50 тысяч будуць прызначаныя на тое, каб дапамагчы людзям з групы палітзняволеных, вызваленай 11 верасня. Рэшта грошай пойдуць на тое, каб дапамагчы людзям, якія, як мы спадзяёмся, будуць вызваленыя падобным чынам».

Як напісаў у каментарах у акаўнце BySol у ФБ палітычны аналітык Вадзім Мажэйка: «Я заўжды публічна падтрымліваў BYSOL, але зараз гэта вельмі непрыгожае і некарэктнае рашэнне. Збор быў на гэтых людзей, а не на патрэбы іншых. Спадзяюся, вы зможаце адрозніць хэйт ботаў ад слушнай крытыкі, і зменіце сваю пазіцыю. Яшчэ не позна». 

Аляксей Лявончык з фонду Байхэлп напісаў, што сума была сабраная для менавіта вось гэтай групы палітзняволеных, менавіта ёй павінна быць выплачаныя.

Беларускае Радыё Рацыя