11 верасня былі вызваленыя 52 беларускія палітвязні. Усе яны былі адразу ж вывезеныя ў Літву. Учора ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам былых палітзняволеных. Галоўны дарадца кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Франак Вячорка пракаментаваў вывазваленне палітвязняў.

РР: Былі вызваленыя 52 палітвязні, але не ўсе знаходзяцца на тэрыторыі Літвы.
Франак Вячорка: Было вызвалена 14 замежнікаў і 38 беларусаў. Частка з іх ужо паехала ў Польшчу. Некаторыя з іх маюць польскія дакументы, напрыклад, Галіна Дзербыш. А некаторыя, як Павел Мажэйка, адразу перабраўся да сваёй сям’і. Зараз мы робім дакументы для тых, хто ў Літве, часовыя візы, каб яны маглі пакінуць тэрыторыю Літвы, калі хочуць, ці падацца на гуманітарныя дакументы, калі застаюцца ў Літве. Знаходзяцца ў шэлтарах, ужо пачалі праходзіць медычныя агляды, каб ацаніць стан здароўя і патрэбы гэтых людзей. Вялікая радасць, што людзі вызваленыя, але гэты спосаб дэпартацыі ён не вельмі справядлівы. І цікавы факт, што ў паловы вызваленых тэрміны ў турме мусілі скончыцца цягам паўгода. У некаторых цягам месяца, цягам тыдня. То бок, рэжым вызваліў тых, хто і так быў бы вызвалены ў бліжэйшы час.
РР: Напярэдадні былі сходы ў Офісе Святланы Ціханоўскай, дзе абмяркоўвалася, што трэба рыхтавацца да прыёму палітвязняў. Была інфармацыя напярэдадні пра вызваленне?
Франак Вячорка: Безумоўна, было вядома нам. І мы рыхтаваліся да гэтага. У тым ліку будавалі інфраструктуру, кантакты з арганізацыямі. Спадзяемся, што будзе працяг і нам трэба быць гатовымі прымаць больш людзей. Таму тут патрэбны ўдзел кожнага: і грамадскіх арганізацый, і ініцыятываў, і беларусаў, магчыма, каб беларусы былі гатовыя да сябе забраць тых, хто тэрмінова вызвалены. Каб дапамагчы ім на першым этапе асвоіцца. Мы ў кантакце з амерыканскім бокам і спрабуем вырашаць аператыўныя пытанні, і арыентуемся ў тым, што плануецца. Але вось імёны – гэта не тое, што мы ведаем. Думаю, што амерыканскі бок таксама не ведае.
РР: Галоўнае зараз – гэта дапамога.
Франак Вячорка: Дапамога тым, хто вызвалены, хто ўнутры, дапамога сем’ям рэпрэсаваных. Гэта задача і для праваабарончыхх арганізацый, і для фондаў аказання дапамогі. Мы пасябравалі з літоўскім Чырвоным крыжам. Яны гатовыя, калі будзе вялікая колькасць, аказваць псіхалагічную і юрыдычную дапамогу. У Варшаве Вольга Зазулінская, прадстаўніца Кабінета, сустракаецца з ініцыятывамі, якія ў Польшчы працуюць па палітвязнях. І будзем таксама гаварыць пра неабходную інфраструктуру, каб прымаць людзей. Таму што першыя месяцы самыя цяжкія, каб чалавек прыйшоў у сябе, зарыентаваўся, правесці медагляд, але таксама сабраць сведчанні парушэнняў правоў чалавека, здзекаў. Зараз Літва падала скаргу і Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці. І гэтыя сведчанні вельмі важныя. Таму што праз час усё вельмі хутка забываецца.
РР: Ці вядома нешта новае пра Мікалая Статкевіча?
Франак Вячорка: Збіраем інфармацыю, толькі чуткі-плёткі. Вядома, што ён знік. Вядома, што ён не дома. Жонка не ведае, дзе і што з ім. Мы падазраем, што ён ізноў быў затрыманы і знаходзіцца дзесьці ў ізаляцыі. Ён зрабіў мужны ўчынак, адмовіўся выязджаць і мае на гэта права. А рэжым пастаўлены ў ступар, не ведае, як рэагаваць. Таму што ён жа фармальна памілаваны, вызвалены, але вызваляць яны яго не хочуць. Таму трэбы яго ці ізноў пасадзіць, ці адпусціць дадому.
РР: Ці можна зрабіць нейкія падсумаванні палітычныя? З “Белавія” знятыя санкцыі, ліст перадалі ад Дональда Трампа Аляксандру Лукашэнку, дзе ён называе Лукашэнку “прэзідэнтам” і падпісваецца прста “Дональд”. Да чаго гэта можа ўсё прывесці? І што адбываецца паміж Трампам і Лукашэнкам?
Франак Вячорка: Для мяне тут усё відавочна. Дональд Трамп рэальна асабіста зацікаўлены ў тым, каб вызваліць людзей з турмаў. Ён называе палітвязняў закладнікамі. І тое, што робіцца, гэта публічная камунікацыя, гэта стыль дыпламатыі Дональда Трампа. І ён лічыць, што такім падыходам ён можа дабіцца выніку. І я ўпэўнены, што там няма наіўнасці і ўсе разумеюць, хто такі Лукашэнка. У Дональда Трампа ёсць і пернікі, ёсць і пуга. Санкцыі не былі цалкам знятыя, былі зроблены часовыя выключэнні. Калі сітуацыя пагоршыцца, санкцыі будуць вернутыя. Гэта інструменты.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






