BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гаага чакае”

Упаўнаважаная РФ па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова, яна ж саўдзельніца крамлёўскага фюрэра ў ваенных злачынствах, у нядаўнім інтэрв’ю публічна прызналася ў выкраданні і “ўсынаўленні” ўкраінскага падлетка з Марыупаля.

Фота: kremlin.ru

У лепшых традыцыях меладрамы, што здольная выціснуць слязу нават з мужчын, амбудсмэнка расказала, як збірала па падвалах дзяцей, якія хаваліся ад абстрэлаў пасля пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. На той момант падлетку было 15 гадоў.

У 10 гадоў у яго памерла маці, і ён выхоўваўся ў прыёмнай сям’і. Калі дом, дзе жыла сям’я, быў разбураны, апекуны нібыта проста выкінулі торбу з ягонымі рэчамі і дакументамі, сказаўшы, што цяпер кожны сам за сябе. Пасля гэтага ён знайшоў расейскіх вайскоўцаў і папрасіў перавесці яго ў бяспечнае месца. Але самае цікавае пачынаецца пазней: падлетак на правах “новага сына” трапляе ў сям’ю Львовай-Бяловай, дзе ў ім сілком спрабуюць выхаваць «русского мальчика».

А хлопчык не хоча быць расейцам, «извините-простите», ён – украінец, у яго свой асаблівы погляд на краіну, чыя армія разбамбіла родны дом. Хлопчык сядзіць на праўкраінскіх сайтах, спявае ўкраінскія песні, правакуе маму-амбудсменку, каб яна як мага хутчэй адвезла яго назад у Марыупаль.  І толькі любоўю ды ласкай (расейскі фашызм любіць прыбірацца ў белае і пухнатае) яна нібыта змяніла свядомасць сына. Ваенная злачынка, якая прымае ўдзел у намаганнях крамлёўскага рэжыму па вынішчэнні ідэнтычнасці выкрадзеных украінскіх дзяцей, запэўнівае, што цудоўна ставіцца да ўкраінскай мовы, культуры і «братняга» народа ўвогуле.

Тое, што РФ не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда – праблема выключна РФ. Дзякуй інтэрв’юеру за гатовыя паказанні. Гаага чакае, а фюрэра і дзіцячую амбудсменку назаўсёды злучае адзін вузел – ордэр на арышт.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя