Скандал вакол чат-бота праекта «Беларускі Гаюн» у Telegram, да якога займелі доступ сілавікі, працягваецца. Ёсць першы арыштаваны, ёсць шмат запытаў у Байсол на эвакуацыю. Палітолаг Зміцер Балкунец мае меркаванне, што «Гаюн» можа быць праектам спецслужбаў.

Гаворыць Зміцер Балкунец:
– Тое, што адбылося зараз, я лічу, што гэта, магчыма, ці то спланаваная акцыя, ці не, але гэта сітуацыя паказвае наколькі такія праекты з’яўляюцца небяспечнымі з самага пачатку. І, магчыма, мэта гэтага праекту была не такая, якая была заяўлена. Магчыма, мэта гэтага праекта была ў тым, каб збіраць дадзеныя пра актывістаў, якія дасылалі інфармацыю. А другая мэта – часткова даваць нейкія наратывы па дэзінфармацыі.
Паводле Змітра Балкунца, доступ да дадзеных атрымалі менавіта сілавікі. Гэта наводзіць на думку, што яны маглі кантраляваць праект знутры.
Хаця кругом падкрэсліваецца, што праект быў незалежным і пераследаваўся ўладамі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Пра ўзлом праекта стала вядома 5 лютага. Карыстальнік акаўнту, які, мяркуючы па ўсім, належаў супрацоўніку ГУБАЗіК, увайшоў у закрыты чат рэдактараў суполкі «Беларускі Гаюн». Пасля гэтага адтуль былі выгружаныя паведамленні.
Беларускі Гаюн – маніторынгавы OSINT-праект, які адсочваў ваенную актыўнасць расейскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створана перад пачаткам расейска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. Праект быў названы ў гонар беларускага міфічнага персанажа ляснога духа Гаюна.
16 сакавіка 2022 года МУС Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал і чат Беларускага Гаюна экстрэмісцкім фармаваннем.
Беларускае Радыё Рацыя






