BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Галоўнае, каб мы былі разам і клапаціцца пра бяспеку”

9 жніўня беларуская дыяспара Беластока запрашае на акцыю з нагоды пятай гадавіны падзей 2020 года – Дня годнасці і салідарнасці. Госць Рацыі – адзін з лідараў беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі.

Ян Абадоўскі

РР: Вы апынуліся ў эміграцыі яшчэ да падзей 2020 года.

Ян Абадоўскі: Я прыехаў у Польшчу, калі таксама ўцякаў ад рэжыму, але ў далёкім 1998 годзе. Пасля падзей, якія адбываліся ў 1996 – 1998 гадах у Беларусі, вымушаны быў таксама шукаць прытулак за тое, што праходзіў у 1998 годзе па крымінальнай справе за арганізацыю мітынгу і дэманстрацыі моладзі, якая адбылася 2 красавіка 1998 года.

РР: Давайце вернемся да 2020 года. Як Вы ўспамінаеце гэты час, калі ў Беларусі адбылося штосьці, чаго многія, думаю, не чакалі.

Ян Абадоўскі: Тая беларуская дыяспара, якая тут у нас узнікла ў вялікай кольксці, яна якраз узнікла ў 2020 годзе. І шмат беларусаў пазнаёміліся паміж сабой, якія тут жылі раней, меншасць, і тыя, якія прыехалі, мы якраз пазнаёміліся пад сценамі Амбасады Беларусі ў Беластоку. Таму для нас гэта таксама было нечаканасцю, што аказваецца так шмат беларусаў жыве ў Беластоку. Я ўзгадваю гэта як час вялікага ўздыму. Таму што беларусы Беластока пачалі збірацца раней за 9 жніўня. Таму што мы ведалі, што праходзілі мітынгі за адзінага кандыдата, што тады ўжо былі першыя палітвязні, і тады пачаліся акцыі, якія арганізоўвала Марына Ляшчэўская. І былі нават акцыі, якія збіраліся кожны дзень. І ўжо нават пасля 9 жніўня было шмат акцыяў цягам некалькі месяцаў, калі збіраліся беларусы, каб паказаць сваю салідарнасць з людзьмі, якія выходзілі на масавыя акцыі ў Беларусі супраць рэжыму Лукашэнкі. І ў Беластоку мы таксама выходзілі да амбасады.

РР: А ці мелі вы кантакт з тымі людзьмі, якія былі арганізатарамі акцый на Бацькаўшчыне?

Ян Абадоўскі: Мы мелі, канешне, кантакты, але там было больш спантанных акцый. У Беластоку мы ўжо зарганізаваліся і рабілі сумесныя акцыі з рознымі арганізацыямі. І тады якраз, калі пачаліся рэпрэсіі, вельмі шмат беларусаў выязджала ў Беласток. Памятаю першых людзей, якія выязджалі сюды, уцякалі, не бралі рэчаў, бо думалі, што гэта будзе адбывацца некалькі дзён, можа месяц. Але пазней усе зразумелі, што мы маем, на жаль, такі доўгі шлях да нашай свабоды.

РР: Вы расказвалі пра вялікі ціск на сем’і тых, хто дзейнічае за мяжою.

Ян Абадоўскі: Так, на жаль, на днях прыходзілі да некалькіх асобаў з нашай беларускай дыяспары Беластока, якія праходзяць па справе 207 чалавек, супраць якіх СК вырашыў зрабіць паказальныя суды за тое, што прымалі ўдзел у акцыях да Дня Волі. Гэтым людзям паказвалі пастановы пра арышт іх маёмасці, запалохвалі тым, што яны будуць адказваць за сваіх родных. Зараз ідзе вялікі ціск, але я хацеў бы звярнуцца да беларусаў, калі вы хочаце прыняць удзел у акцыі, вы павінны паклапаціцца пра ананімнасць. Закрывайце свой твар, не фатаграфуйцеся, і не называйце публічна сваё імя. Самае галоўнае, каб мы былі разам, але трэба паклапаціцца пра сваю бяспеку.

РР: Раскажыце больш падрабязна пра заўтрашнюю акцыю ў Беластоку.

Ян Абадоўскі: Акцыя адбудзецца ў цэнтры Беластока, насупраць помніка Пілсудскаму. Акцыю арганізоўвае беларуская дыяспара Беластока разам з Фондам “Тутака”. Прымаць удзел будуць таксама ўлады горада Беластока, прадстаўнікі беларускай меншасці Польшчы. І мы запрашаем усіх жыхароў Беластока, каб яны прынялі ўдзел у акцыі. Вельмі важна, каб прыходзілі палякі , каб паказалі сваю салідарнаць з беларускім народам. Мы сапраўды можам сёння толькі выходзіць і крычаць пра тое, што адбыаецца ў Беларусі. 50 кіламетраў адсюль кожны дзень затрымліваюцца дясяткі чалавек. Беларусы, на жаль, у сваёй краіне сёння нічога не могуць зрабіць. Таму вельмі важна, каб заўтра беларусы разам з жыхарамі Беластока сустрэліся і  паказалі нашу салідарнасць з тымі людзьмі, якія сядзяць за кратамі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя