BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Галоўнае, у мяне не забралі маю душу і маё сумленне”

Аляксандра Герасіменя – выбітная беларуская плыўчыха, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў у 2012- 2016 гадах, чэмпіёнка свету і Еўропы.  З-за грамадзянскай пазіцыі і крытыкі рэжыму Лукашэнкі была вымушана пакінуць Беларусь, жыве ў эміграцыі. Калі ты сустракаешся з чалавекам, якому з-за сваёй пазіцыі было што губляць, табе хочацца заўсёды спытаць, ці не шкадуе чалавек пра свой учынак. Таму мы пагаварылі з Госцяй Рацыі Аляксандрай Герасіменяй пра яе жыццё-быццё ў эміграцыі.

Аляксандра Герасіменя

РР: Калі Вы зразумелі, што не можаце заставацца ўбаку і павінны публічна выказацца? Ці быў гэты момант кропкай незвароту?

Аляксандра Герасіменя: Калі гэта ўсё адбывалася ў Беларусі, я была не ў Беларусі. Я не была ў краіне, калі былі гэтыя прэзідэнцкія выбары, бо ўжо колькі разоў была, але нічога не змянялася. У гэты момант якраз выязджалі з сям’ёй у адпачынак. І калі мы там былі, гэта якраз усё здарылася ў Беларусі, людзі выходзілі. І я адчувала сэрцам, што я таксама хацела быць там. Але ў мяне на той момант быў такі жах, што калі я зараз нешта скажу, мяне могуць не ўпусціць дадому. Таму я дачакалася таго моманту, калі я вярнуся дадому. І вось тады я ўжо змагла напісаць свой першы пост пра тое, што я  з народам, што я падтрымліваю, што трэба нешта мяняць, і я буду да гэтага далучацца. Нейкага незваротнага моманту не было, але я разумела, што трэба зрабіць гэты выбар. Трэба выбраць гэты бок, проста дачакалася моманту, калі я змагу гэта зрабіць.

РР: Але Вы, мабыць, разлічвалі на перамогу? Многія разлічвалі, што вось выйдзем і мы пераможам, і ўсё будзе добра. А тым больш Вы – далёкі чалавек ад палітыкі, спартоўка, усё ў Вас складвалася вельмі добра. Ці не шкадуеце Вы пра свой учынак?

Аляксандра Герасіменя: Канешне, я таксама спадзявалася на гэтую перамогу, як  і кожны. Калі мы з’язджалі, канешне, я лічыла, што можа месяц, два, тры, ну можа паўгода і мы вернемся дадому. А інакш як? Калі мы не спадзяваліся на перамогу, то навошта было выходзіць, калі шчыра казаць? Але я зусім не шкадую. Разумееце, гэта ўжо пытанне сумлення, бо для мяне гэта больш важна, чым нейкія рэчы, кватэры ці нешта яшчэ, што ад гэтай улады можна было чакаць. Бо для мяне гэта мой псіхалагічны стан, ён больш важны, чым усё гэта. І калі я ўжо зрабіла гэты выбар, я разумела, што можа быць так, што ў мяне могуць нешта забраць, нешта адмяніць. Пасля таго, як майму клубу не далі магчымасці займацца, я ўжо зразумела, што далей будзе яшчэ горш. Але дарогі назад не было. Я ніколі не зрабіла б так, што сказала – гэта мае словы і я бяру іх назад. Не, усё, я іх сказала. І гэта тое, пра што я думала і чым хацела падзяліцца са сваім народам.

РР: Чаму Вы пакінулі Фонд спартыўнай салідарнасці?

Аляксандра Герасіменя: Таксама пытанне сумлення, бо ў мяне былі пытанні пра грошы, як яны размяркоўваюцца, куды яны ідуць. Шмат спартсменаў падтрымлівалі нас, якія былі часткай нас. Таму я і кажу пра гэтую ініцыятыву. Не трэба, каб адзін чалавек ці два кантралявалі гэтыя фінансавыя патокі. Нельга так рабіць, бо людзі спакушаюцца, яны не могуць утрымацца ад улады, якая прыходзіць да іх у рукі. І калі я зразумела, што я нічога не магу змяніць у гэтай сістэме нават фонда, я проста  сышла і адкрыта сказала, што я не буду там працаваць, бо я не маю даверу да гэтых людзей.

РР: Хто тады ўзначальваў фонд?

Аляксандра Герасіменя: Аляксандар Апейкін.

РР: Як Вы тут уладкавалі сваё жыццё? Ці займаецеся спортам, ці сталі трэнерам?

Аляксандра Герасіменя: Спортам займацца я скончыла ўжо колькі гадоў таму. Але я тут трэнерка па плаванні, да мяне прыходзяць розныя людзі – беларусы, украінцы, нават палякі прыходзяць, і дзеці і дарослыя. Я вельмі люблю сваю працу, бо я вельмі люблю працаваць з людзьмі, асабліва калі ёсць вынік. Асабліва, калі бачыш шчаслівыя твары сваіх вучняў. Я спрабую не толькі вучыць плаваць, а я спрабую даць часцінку веры да сябе, павагі да сябе, каб чалавек больш упэўнена сябе адчуваў не толькі ў басейне, але і ў жыцці.

РР: Ці не звярталіся да Вас улады, каб Вы вярнуліся дадому?

Аляксандра Герасіменя: Пакуль не, не звярталіся. Яны толькі пішуць мне лісты, каб я выкупіла сваю ж кватэру з аукцыёну. Пішуць, можа выкупіце самі?

РР: Што ўлады забралі акрамя кватэры?

Аляксандра Герасіменя: Дом быў, які я пабудавала да таго, як з’ехаць. Але галоўнае, яны не забралі маю душу і маё сумленне – для мяне гэта самы найважнейшы момант.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя