У Варшаву працягваюць пераязджаць беларусы з дзецьмі. Як адчувае сябе рэлакаванае маладое пакаленне? Якія ўмовы створаныя тут для яго? Пра гэта распавяла дырэктарка шэлтару для беларускіх уцекачоў Ганна Федаронак нашаму радыё. Таксама дзяячка расказала нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай пра свята, прымеркаванае да Міжнароднага Дня Дзяцей, якое адбылося ў Доме.

Ганна Федаронак:
– Свята прайшло цудоўна, усё, што я запланавала, збылося. Такія прыемныя ўспаміны застаюцца і ў мяне, і думаю, што ў дзяцей таксама
РР: Распавядзіце, што канкрэтна адбывалася ў гэты дзень?
Ганна Федаронак: Свята запланавала я яшчэ наперад, раней, таму што гэта свята я праводзіла ўжо трэці год запар у шэлтары. Гэта ўжо стала традыцыяй, толькі трэба было знайсці грошы. Так як знайшлі фінансаванне, то свята планавалі так, што будзе першая ўрачыстая частка, куды мы запрасілі гасцей – Паўла Латушку, Ігара Сігава з жонкай – нашага артыста, запрасілі дзяцей палітвязняў, якія жылі ў нас у шэлтары. У нас не было магчымасці запрасіць вельмі шмат дзяцей, не дазваляла месца, таму была абмежаваная колькасць – 35 дзяцей. Таксама з імі прысутнічалі бацькі, таму было шмат у нас тут людзей.
У нас былі аніматары, калектыў “Гузікі” – гэта нашы аніматары, якія жылі ў нас у шэлтары тры месяцы. Гэта Андрэй – палітвязень і яго сям’я. Такі цудоўны калектыў, яны творчыя, класныя. У нас былі дзеці ад трох да пятнаццаці гадоў. І з аніматарамі гулялі не толькі малыя дзеці, а падлеткі, якім па 13-14 гадоў. Яны не даставалі свае гаджаты, а гулялі разам, лавілі гэтыя мыльныя бурбалкі.
У нас быў канцэрт, які зрабілі дзеці самі, гэта былі музычныя нумары. І да нас яшчэ прыехалі нашы дудары ў сваім адзенні, са сваімі музычнымі інструментамі. Было вельмі класна. Зону ля хаты мы разбілі на дзве часткі, перад домам зона – там аніматары ладзілі, малявалі на асфальце малюнкі дзеці. А за хатай была ўжо ўрачыстая частка і канцэрт І пасля бацькі засталіся, нам было пра што паразмаўляць. Васіль Плешкуноў, які арганізуе акцыі штотыдзень, спяваў цудоўна. Было свята і для дзяцей, і для дарослых.
РР: Свята адбылося пры фінансавай падтрымцы, каго менавіта?
Ганна Федаронак: Фінансавая падтрымка была вельмі класная. Збор мы абвясцілі ў сацсетках, прыйшло трохі грошай на картку, пасля проста нашы беларусы сабралі на акцыі грошай, а пасля самую асноўную суму нам даў фонд “Чабор” спадара Лявончыка. ByHelp фінансуе наш шэлтар, ён знайшоў нам спонсара – спонсарам быў фонд “Чабор”. Ён нам пералічыў грошы, і свята адбылося дзякуючы ім і дзякуючы простым беларусам, якія дапамагалі. Валанцёры прыносілі цацкі, дзякуй нашым аніматарам “Гузікам”, якія правялі гэтае свята. Так што агульнымі нашымі намаганнямі зрабілі цудоўнае свята.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






