BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ганна Федаронак: Проста не задумаўшыся ляпнула “баба Галя”, так яна і з’явілася 

Былая вясковая жанчына з мястэчка Варапаева Віцебскай вобласці Ганна Федаронак толькі ў 2020 зацікавілася грамадскім і палітычным жыццём. Яна актыўна падтрымала Святлану Ціханоўскую і апынулася ў вымушанай эміграцыі. Цяпер жанчына кіруе шэлтарам для палітычных уцекачоў у Варшаве і мае свой ютуб-канал, дзе парадыруе сучаснае жыццё ў Беларусі. Наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч размаўляе з Ганнай Федаронак пра яе цікавае творчае жыццё:

РР: Спадарыня Ганна, адкуль у вас з’явіўся вобраз бабы Галі? Звычайна сюжэты і вобразы бяруцца з жыццёвых акалічнасцяў, а ў вас?

Ганна Федаронак: Гэта такі збіральны вобраз, я ўсё жыццё жыла ў пасёлку, гэта амаль што вёска. Таму ў нас гэтых бабаў Галяў поўна, гэта і мая маці, і бабуля, і цёткі, і суседзі. А з’явіўся ён яшчэ у 2022 годзе, калі мяне запрасілі працаваць на “Нехту”. Мы працавалі ў “Палаце нумар жэсць”, Дзмітрый Лупач мяне запрасіў да сябе, таму што яму было сумна аднаму, і так з’явілася баба Галя. Я там была крыху іншая, без акуляраў. Тады трэба было насіць маскі, быў кавід, а Лукашэнка забараніў. І я зрабіла, як баба прыйшла ў аптэку, ёй зрабілі заўвагу, чаму яна без маскі, і яна пачала абурацца, што Лукашэначка сказаў, што маскі непатрэбныя, што вы ўсе гэтыя натаўскія бэчэбэшнікі. І вось так з’явілася баба, яна яшчэ не была Галяй. Потым, як Дзмітрый мантаваў ролік, ён мне патэлефанаваў і запытаўся, як цябе назваць? І я ляпнула “баба Галя”. Вось нешта мне прыйшло ў галаву, проста не задумаўшыся ляпнула “баба Галя”, так яна і з’явілася гэта баба Галя. Яна нарадзілася ў кастрычніку 2022 года.

РР: Вашыя відэа ў ютубе набіраюць ад 10 000 да 30 000 праглядаў. Гэта многа ці мала для вас?

Ганна Федаронак: Гэта і многа, улічваючы, што толькі 1 снежня зрабіўся канал. Я зрабіла свой асабісты канал лукашолкі, гэта ўжо мой асабісты канал, гэта мы ўжо не ў Сцёпы працуем. І ўлічваючы тое, што гэтаму каналу толькі некалькі месяцаў, то гэта многа, але ж для мяне гэта мала. Хацелася б, канешне, каб было больш, таму што мы вельмі цікавыя, і нас глядзяць амаль 75% з Беларусі. Беларусы нас вельмі любяць, прыязджаюць сюды і кажуць, што мы вас ведаем. Але ж яны не падпісваюцца, не лайкаюць, каментары не пакідаюць, разумеюць, што гэта небяспечна. Таму што ўсе мае сацсеткі прызнаныя экстрэмісцкімі, а канал лукашолкі яшчэ не.

Я так лічу, што ўсё ж такі беларусы баяцца падпісвацца, я іх разумею. Але ж хацелася б, каб было болей. А ютуб, як ён працуе – як толькі лайкі, каментары і падпіскі, тады прасоўванне роліка большае. Але ж мы яшчэ малады канал, але ў нас ужо 2000 падпісчыкаў, гэта ўкраінцы, нас таксама любяць і паважаюць. Хацелася б, канешне, каб было больш, але ж дзякуй і за тое, што маем.

РР: Ці дапамагае канал вам існаваць фінансава?

Ганна Федаронак: Гэта толькі золаташукальнікі, як я іх называю, думаюць, што мы там мільёны зарабляем, такая папулярнасць і ўсе нас ведаюць. Але ж я хачу сказаць фразай з мультфільма: “А ці шмат карова дае малака? А мы малака не бачылі пакуль”. Мы не зарабляем анічога, таму што падаўшыся на манетызацыю, там ёсць нейкія капейкі, але такія капейкі, што нават лічыць няма як, там 0, 28 цэнта, нешта такое. Зарабляюць грошы каналы мільённікі, каторыя маюць мільён падпісчыкаў, мы толькі яшчэ расцём.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя