Госць Радыё Рацыя — былая палітзняволеная Ганна Вішняк, якая правяла ў СІЗО і калоніі больш за два гады.

Гутарым з ёй пра ўмовы ўтрымання і салідарнасць беларускіх палітвязняў.
РР: Мы зараз у Беларусі і па-за межамі Беларусі назіраем нашу салідарнасць. А што з салідарнасцю ў зняволенні, у калоніі, дзе вы былі? Бо ёсць такая інфармацыя, такія чуткі трапляюць, што салідарнасць і сяброўства там пад забаронай.
Ганна Вішняк: Так, пад забаронай. Але мы былі салідарныя, мы сябравалі і камунікавалі. Калі я трапіла ў 4-ы атрад, там тады была Паліна Шарэнда і там была Вольга Класкоўская. Зараз яны ўжо на свабодзе, выехалі з Беларусі, таму можа спакойна пра гэта расказваць. Я помню, калі мне прыйшла першая перадача, гэта быў яшчэ пачатак, на мяне яшчэ не спусцілі ўсіх сабак, мне прыйшла перадача ад мамы на 50 кілаграм. Там кілбаса была і шмат чаго іншага. Вольга Класкоўская толькі выйшла з ПКТ. І я пачула яе размову: да пачакайце, не хачу я зноў у ПКТ. Зразумела, мы імкнуліся ўсіх пачаставаць. Гэта нельга ў калоніі рабіць. Але мы хаваліся з Палінай у туалеце, я перадавала ёй, яна хавала пад кофту, і там, дзе не бачыць камера, яны елі. Бо калі чалавек выйшаў з ПКТ, то там толькі гэтая свінячая каша. Была ў нас салідарнасць. Нашы ніколі не кідалі ў бядзе.

РР: Скажыце падрабязней пра гэтую забарону падзяліцца. Гэтая забарона распаўсюджваецца толькі на палітычных?
Ганна Вішняк: Існуе так званае правіла ўнутранага распарадку. Згодна з гэтым правілам, адзін з пунктаў там «адчужэнне прысваення». Гэта калі ты чужое забраў, або сваё аддаў. Калі пісалі законы, гэта пісалася з улікам зусім другога кантэксту. Але рэжым гэтым карыстаецца. Супрацоўнікі калоніі гэтым карыстаюцца і гэтым маніпулююць. Ой, перадала цукерку, хтосьці «здаў», і ў цябе можа быць рапарт, і ў выніку – або ШЫЗО, або пазбаўленне чагосьці. Менавіта так пазбавілі Марыю Калеснікаву перадачы, за тое, што яна камусьці штосьці перадала. Але, насамрэч, усе дзяліліся. І гэта нармальна. Рабілі гэта так, каб не бачылі тыя, хто можа «здаць». Але звычайныя асуджаныя, якія не палітычныя, яны сядзелі за адным сталом, разам елі, заходзіў аператыўнік, бачыў, што яны дзеляцца, то бок у іх агульны стол, і нічога. А калі б так сядзелі палітычныя, то адразу б былі праблемы.
РР: У чым яшчэ праяўляецца салідарнасць? Ці ёсць магчымасць, напрыклад, абняць адзін аднаго?
Ганна Вішняк: Аднойчы, я памятаю, мы ішлі на фабрыку, або з фабрыкі, і першая змена стаяла на выхад. Усе там рухаюцца строем. І вось мы праходзім на фабрыку, а першая змена стаіць і чакае на плацу. І я іду, паварочваю галаву і бачу, як старшыні атрадаў паднялі папкі бел-чырвона-белыя, папка белая, папка чырвоная і папка белая. Гэта вельмі ўзрушыла.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






