Госць «Рацыі» — сацыёлаг, даследчык Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў. Гутарым з ім пра адно з апошніх даследаванняў, якое ён рабіў супольна з арганізацыяй “Прававая ініцыятыва”.

Яно пра тое, як ахвяры катаванняў з боку сілавікоў успрымаюць справядлівасць і якой сатысфакцыі хочуць:
РР: Давайце, можа, пачнем з таго, што вы распавядзеце трохі пра само даследаванне. Калі я слушна разумею, то там былі апытаныя людзі, якія перажылі катаванні ў Беларусі, так?
– Так, гэта частка адгалінавання асаблівага міжнароднага праекту. Часткова там была запазычаная методыка, але мы яе адаптавалі пад спецыфіку беларускай сітуацыі. І само даследаванне складалася з дзвюх частак.
– Першая частка — гэта якаснае даследаванне, глыбінныя інтэрв’ю. Другая частка — колькасныя інтэрв’ю. Абедзве часткі праводзіліся на базе дадзеных, якія ёсць у праваабаронцаў, у тым ліку ў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. У гэтых базах — людзі, якія дакладна перажылі катаванні альбо гвалт у Беларусі пасля 2020 года.
РР: То бок, гэта былі не толькі палітвязні, а ўвогуле людзі, якія сутыкнуліся з гэтай сістэмай, так?
Так, натуральна, таму што не ўсе атрымалі статус палітвязняў. Было вельмі па-рознаму: хтосьці мог перажыць гвалт проста на вуліцах Беларусі ў 2020 годзе, нават не трапляючы ў месцы зняволення. Гэта з аднаго боку. З другога боку, былі і тыя, хто неаднаразова трапляў за краты.
РР: Якія былі зроблены высновы, калі браць агульна? Напрыклад, як людзі бачаць справядлівасць і ці прагнуць яны помсты да сваіх катаў?
– Вось тут вельмі важны момант: людзі не прагнуць помсты. Абсалютная большасць хоча менавіта справядлівасці. Гэта дзіўная выснова, якой мы спачатку нават не закладалі на роўні гіпотэз, але яна выразна праявілася ў адказах. Асаблівую ўвагу рэспандэнты надавалі судам. Казалі, што, зразумела, сілавікі вінаватыя, але найбольшая віна ляжыць на судовай сістэме. Людзі казалі, што справядлівасць павінна аднаўляцца праз суд. Напрыклад, былі меркаванні, што варта ўжываць прынцып — “вока за вока, зуб за зуб”, ці каб пацярпелыя самі вызначалі ступень віны. Але большасць лічыла, што ўсё мусіць рабіць суд. Акцэнт на судовай сістэме, на важнасці закону і яго дзеяння, мне здаецца, вельмі важны момант для разумення як актуальнай сітуацыі, так і беларускага менталітэту.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Генадзь Коршунаў зазначае, што ў большасці выпадкаў ахвяры прагнуць менавіта не помсты, а справядлівасці ў дачыненні да сваіх катаў.
Беларускае Радыё Рацыя






