У студзені 2026 года ў Польшчы былі апублікаваны новыя вынікі сацыялагічных апытанняў пра стаўленне да розных нацый. Свежыя дадзеныя Інстытута IBRiS, прыватнай сацыялагічнай кампаніі, паказалі, што беларусы атрымалі прыкладна 28 % станоўчых ацэнак, 28 % негатыўных і каля 45 % нейтральных. Гэта значыць, што шмат палякаў фактычна займаюць нейтральную пазіцыю, і доля станоўчых і негатыўных ацэнак амаль роўная.

Для параўнання, CBOS — дзяржаўная ўстанова, якая займаецца маніторынгам грамадскай думкі — яшчэ два гады таму (2024) праводзіла падобнае апытанне. Паводле тых вынікаў каля 46 % палякаў выказалі непрыязь да беларусаў, каля траціны былі нейтральнымі або станоўча ставіліся да нашых суайчыннікаў.

У нашай праграме «Госць Рацыі» мы паразмаўлялі з сацыёлагам, сузаснавальнікам ініцыятывы «Беларуская сацыялагічная група» Генадзем Коршунавым, каб разабрацца, як на самой справе палякі ставяцца да беларусаў, якія фактары ўплываюць на гэтыя ацэнкі і чаму да сацыялагічных лічбаў варта ставіцца асцярожна, асабліва калі СМІ і палітыкі могуць інтэрпрэтаваць іх пад свае інтарэсы.
РР: Нядаўняе сацыялагічнае апытанне Інстытута IBRiS паказала, што адносіны палякаў да беларусаў хутчэй змяшаныя, з вялікай доляй нейтральных адказаў. Пры гэтым яшчэ два гады таму ў даследаванні CBOS фігуравай вышэйшы ўзровень непрыязні. Як вы, як сацыёлаг, параўноўваеце гэтыя вынікі, і наколькі ўвагуле можна давяраць падобным лічбам калі гаворка ідзе пра стаўленне да беларусаў з боку палякаў?
Генадзь Коршунаў: Такія дадзеныя трэба мець на ўвазе, але ставіцца да іх даволі асцярожна. Таму што па ўскосных дадзеных можна з вялікай ступенню ўпэўненасці высунуць гіпотезу, што з большага вось такі негатыў, прынамсі да беларусаў, які выказваецца ў такіх апытаннях, ён хутчэй выказваецца пад уплывам стаўлення да краіны паходжання, а не да прадстаўнікоў нацыі.
То бок, у нашым выпадку вось гэтае негатыўнае стаўленне – гэта прадукт-функцыя, вытворная ад таго, што зараз робіць лукашэнкаўскі рэжым. Вось гэта ключавы фактар. І мы бачым, што на ўзроўні паўсядзённасці, напрыклад, на ўзроўні стасункаў палякаў з беларусамі, такога непрыняцця фактычна няма.
Тое, што кажуць самі беларусы, калі людзі адчуваюць нейкае негатыўнае стаўленне да беларусаў, то гэта хутчэй праз тое, што нас успрымаюць як замежнікаў, ці як мігрантаў з іншых краін, перш за ўсё з Украіны. Негатыўнага стаўлення да беларусаў як прадстаўнікоў нацыі, хутчэй за ўсё значна меншае, чым тое, што фіксуецца як стаўленне да беларусаў, як выхадцаў з Беларусі. Можа крыху гэта складана, інакш – палякі хутчэй выказваюць сваё стаўленне да рыжыму Лукашэнкі, чым да саміх беларусаў.
РР: Ці можна сказаць, што негатыўнае стаўленне палякаў да беларусаў назіраецца ўжо даўно. Ці яно з’явілася адносна нядаўна? Што на гэта ўплывае?
Генадзь Коршунаў: Тое, што праводзяць самі палякі, мы адсочвае безумоўна, і перыядычна самі робім такога кшталту даследаванні пра стаўленне да беларусаў, і калі бываюць негатыўныя стаўленні, то высвятляем, якія назіраюцца дыскрымінацыйныя праявы і г.д.
І трэба сказаць, што на паўсядзённым узроўні, калі такое здараецца, то звычайна гэта негатыў у сецеве. Гэта даволі звычайная штука, бо сеціва дазваляе людзям выказваць найбольш радыкальныя пазіцыі і звычайна такія каментары найбольш бачныя. Усё ж я б сказаў, што на паўсядзёным узроўні, у жыцці, такога значна меней.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Генадзя Коршунава.






