Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед анансаваў новыя гучныя крымінальныя справы датычныя карупцыі. У прыватнасці, паводле яго, крымінальную справу за хабар завялі супраць дырэктара аднаго з прадпрыемстваў лясной галіны Магілёўскай вобласці, піша расейскае агенцтва Sputnik Беларусь.

«У пачатку гэтага года пракуратура завяла некалькі крымінальных спраў у дачыненні да кіраўніка магілёўскага прадпрыемства лясной галіны, які на працягу некалькіх гадоў атрымліваў хабар у агульнай суме не менш за 300 тысяч рублёў», — паведаміў Андрэй Швед.
Генпракурор Беларусі таксама анансаваў новыя гучныя крымінальныя справы карупцыйнай скіраванасці. «У бліжэйшы час будзе рэалізаваны шэраг іншых матэрыялаў карупцыйнай накіраванасці», — адзначыў ён.
Сёння, 9 студзеня, у Генпракуратуры прайшло пасяджэнне па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, на якім прысутнічалі міністр абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік МУС Іван Кубракоў, старшыня СК Дзмітрый Гара, начальнік ААЦ пры прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Уладзімер Арлоўскі, кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі, кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Хаджаеў.
У траўні 2022 года пасады пазбавіўся міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа за «ўчынак, не сумяшчальны з дзяржаўнай службай». У студзені 2023 году «галоўнага лесніка краіны» Віталя Дрожжу асудзілі на 7 гадоў і 6 месяцаў калоніі за хабар у асабліва буйным памеры (30 тысяч даляраў). Па версіі следства, Дрожжа браў хабар у прадстаўніка замежнай кампаніі, у якой пасля міністэрства закупляла тэхніку.
У верасні 2023 года Віталь Дрожжа быў памілаваны Лукашэнкам, выйшаў на свабоду і ўзначаліў адно з падраздзяленняў Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».
Беларускае Радыё Рацыя