BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Германія правярае інфармацыю пра выкарыстанне працы палітвязняў нямецкім дэпутатам

У МЗС Германіі заявілі, што правяраюць інфармацыю аб выкарыстанні працы палітвязняў пад Лідай на цыбульнай плантацыі нямецкага бізнесоўца, дэпутата федэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнаў.

«Замежныя інвестары не павінны рабіцца памагатымі рэжыму і ўдзельнічаць у жорсткіх палітычных рэпрэсіях у Беларусі або атрымліваць ад іх выгаду», — заявіла МЗС Германіі ў каментары інфармацыйнаму агенцтву «Позірк». «Мы вельмі сур’ёзна ставімся да страшных паведамленняў і правяраем іх», — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.

4 верасня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сцвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненне з лідскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных па палітычных артыкулах для працы на сваёй цыбульнай плантацыі.