BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гэта імітацыя сапраўдных жаночых арганізацый”

Госця Рацыі – гендарная і медыя-экспертка, доктарка навук па камунікацыі Ірына Сідорская. Пра год жанчыны ў Беларусі, жаночае радыё і праблемы жанчын з ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

Ірына Сідорская. Фота з асабістага архіву.
Ірына Сідорская. Фота з асабістага архіву.

П.С.:  Ужо ўрад зацвердзіў рэспубліканскі план да Года жанчын, там усё вельмі цікава. Першае тое, што яны хочуць 8 Сакавіка адкрыць жаночае радыё. Такое радыё патрэбнае Беларусі, пра што там варта зараз размаўляць?

Ірына Сідорская: Такое радыё сапраўды было б патрэбнае беларускім жанчынам, але пры адной умове, калі б там абмяркоўвалі і вырашалі рэальныя праблемы, якія ёсць у жанчын. Гэта праблема і гвалту, як у сям’і, так і па-за яе межамі. Гэта праблема эканамічнай няроўнасці жанчын, гэта праблема адсутнасці палітычнага прадстаўніцтва і шмат розных іншых праблемаў. Але калі гэта было б абмеркаванне і вырашэнне рэальных праблемаў.

Але тое, што мы зараз ведаем і пра год беларускай жанчыны і наогул пра лукашэнкаўскую Беларусь, зразумела, што гэта будзе толькі імітацыя, і гэта будуць размовы на вельмі бяспечныя тэмы. Гэта будуць такія жаночыя гаворкі пра вечнае, пра сям’ю, пра дзяцей, пра нейкія магчымасці кар’еры, адукацыі, але ў вельмі такім лімітаваным рэжыме. Каб гэта была бяспечная гаворка, якая будзе выдавацца нібыта за актуальныя праблемы.

П.С.: Нават пра гэтую ініцыятыву распавядала Вольга Шпілеўская, кіраўніца тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі і старшыня Беларускага саюза жанчын. Я так разумею, што менавіта вось гэтаму праўладнаму саюзу і аддалі дыялог пра праблемы жанчын зараз у сучаснай Беларусі. Чым гэта небяспечна, калі праўладны саюз жанчын займаецца гэтымі тэмамі?

Ірына Сідорская: Праблемы жанчын вырашаюць самі жанчыны. Не дзяржава штосьці робіць для жанчын, не прымаюцца новыя законы, не ўносяцца карэктыроўкі ў тыя законы, якія існуюць, а вось нам паказваюць, як адны жанчыны штосьці будуць рабіць для ўсіх астатніх жанчын.

Давер да гэтай арганізацыі, да Беларускага саюза жанчын, зразумела, вельмі нізкі. Здаецца, на мінулым тыдні якраз Вольга Шпілеўская ў эфіры СТБ  і сама сказала, што яна не памятае, каб была б хоць адна заява ў Беларускі саюз жанчын менавіта па праблеме хатняга гвалту. Гэта паказвае не тое, што праблема хатняга гвалту ў Беларусі не існуе, а гэта паказвае, што ў гэтую арганізацыю, якую ўзначальвае Шпілеўская, ніхто з гэтай праблемай не пойдзе. Бо разумее, што там вырашаць гэтую праблему не будуць.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя