BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гэта ўсё не па-людску, што людзі не могуць застацца ў сваёй краіне”

У Беларусі вызвалілі больш за сто палітвязняў. Вызваленне адбылося пасля двухдзённых перамоў спецпасланніка Трампа Джона Коўла і Лукашэнкі. Пасля гэтага ЗША паведамілі, што здымаюць санкцыі з беларускага калію. Сярод вызваленых ёсць банкір і палітык Віктар Бабарыка, а таксама каардынатарка яго штаба – Марыя Калеснікава. Іх завезлі ва Украіну.

З ёй паспела паразмаўляць па тэлефоне яе родная сястра – сузаснавальніца асацыяцыі родных і колішніх палітвязняў, прадстаўніца каманды Віктара Бабарыкі Таццяна Хоміч:

– Я вельмі рада, што Марыя на свабодзе, і мне дагэтуль у гэта цяжка паверыць. Я вельмі хачу яе пабачыць. Вельмі ўзрушана, вельмі шчасліва, што гэтая ўсмешка Марыі цяпер можа грэць нашыя сэрцы. Вельмі рада была яе пабачыць у інтэрнэце на волі. І таксама ў мяне такая прыкрасць, што гэта магло адбыцца нашмат раней.

Як сказаў палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, зразумела, што ўкраінскі бок чакаў украінскіх грамадзянаў, а прывезлі яшчэ і беларусаў. Але ён не ведае, калі паведамілі пра гэта ўкраінскаму боку.

– Гэта ўсё не па-людску робіцца, што людзі не могуць застацца ў сваёй краіне. Я разумею, што некаторыя хацелі б выехаць, некаторыя не хацелі. У іх павінна быць права выбару. І наогул тое, што зараз у Беларусі адбываецца тэрор супраць грамадства, гэта таксама не па-людску. Дзяржава не служыць людзям і грамадству, на жаль. І дзеля гэтага трэба ўсё мяняць, каб не было больш рэпрэсій, каб людзей не арыштоўвалі за тое, што яны дзесьці неасцярожна сказалі, ці неасцярожна зрабілі.

Нагадаем, 13 снежня ва Украіну лукашэнкаўскі рэжым вывез 104 палітвязняў са 123.

Беларускае Радыё Рацыя