BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гэты год стаў вельмі важным для беларускай фемінісцкай супольнасці”

Адвакатаванне Беларусі ў розных справах, такія задачы рэалізуюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі, якія сканцэнтраваліся за мяжой. У прадстаўніцтве па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету, як асобная выдзяляецца гендэрная павестка. У гэтым кірунку працуе намесніца прадстаўніцы па сацыяльных справах АПК Юлія Міцкевіч.

З ёй Улад Грынеўскі ахарактарызаваў асноўныя аспекты дзейнасці ў 2024 годзе, які адыходзіць.

Юлія Міцкевіч: Гэты год вельмі важны ў першую чаргу для фемінісцкай супольнасці. Па-першае, гэта нямецкая Жаночая прэмія імя Ганны Кляйн, якая ўпершыню  дасталася беларускім фемактывісткам, уключаючы і мяне. Гэта вельмі важная падзея. Яе ўручаць 7 сакавіка ў Берліне. І гэта важна не толькі для фемсупольнасці, але і тое, што гэта на пэўны час верне фокус да Беларусі і беларускай сітуацыі. Што для нас усіх – грамадскіх актывістаў, палітыкаў і асабліва праваабарончай супольнасці вельмі важна і патрэбна, таму  што мы ведаем, як ён змяшчаецца праз іншыя падзеі, якія адбываюцца. Гэта не толькі вайна ва Украіне, але гэта і Сірыя, Ізраіль і шмат што яшчэ адбываецца. І таму ўтрымліваць фокус на нашай сітуацыі, асабліва калі яна цягнецца амаль пяць гадоў, не так проста. І таму для мяне магчымасць ізноў гаварыць пра Беларусь, пра той тэрор, які адбываецца, пра гуманітарную катастрофу, і каб пра гэта не забываліся, вельмі важна.

Другі момант – гэта тое, што праваабаронцай года назвалі Насту Базар – і гэта таксама ўпершыню, калі беларускую  праваабарончую прэмію аддалі актывістцы, якая займаецца правамі жанчын і ЛГБТК+ супольнасцю. Гэта вельмі важны момант. Гэта надае вельмі важнае значэнне той працы, якую мы робім, таму што яна вельмі часта нябачная. Жанчыны выконваюць не толькі ў фемінісцкім, але і ў грамадскім і палітычным сектары вельмі многа, але гэта не становіцца часта прадметам нейкіх узнагарод ці фокуса ўвагі на гэтым. Гэты год вельмі важны для нас. Безумоўна, гэта вялікая трагедыя, якая адбылася з беларускай Лізай, але менавіта гэта трагедыя дала вельмі важны вынік, каб ізноў агучыць праблемы гендэрна абумоўленага гвалту і больш за тое, гэтая кампанія “Хопіць гвалціць!”, якую запусціла Наста і іншыя феміністкі ў Польшчы, напрыклад, яна прынесла пазітыўны досвед для самой Польшчы, бо мы ведаем, што канкрэтна пасля гэтага Маршу і вялікага мітынгу, які быў арганізаваны не толькі беларускімі, але і ў кааперацыі з украінскімі і польскімі феміністкамі, даў магчымасць сённешняму ўраду  заявіць пра тое, што тэрмін згвалтаванне будзе перагледжаны ў Польшчы менавіта на карысць тых, хто становіцца ахвярамі, сыходзячы з нормаў і стандартаў Стамбульскай канвенцыі, што безумоўна вельмі важна. І я спадзяюся, што прынясе яшчэ больш справядлівасці для тых, хто становіцца ахвярамі. Канешне, хочацца, каб гэтага ўвогуле не адбывалася.

Яшчэ я хацела б сказаць, што нашая калега Воля Ланеўская, якая таксама жыве ў Польшчы ў Кракаве, у гэты годзе ўнесена ў спіс  Forbes самых уплывовых жанчын Польшчы. Яна намінаваная. Мы яшчэ не ведаем вынікаў, хто пераможа, але як мінімум, тое, што беларуска ўнесена ў такі спіс за сваю фемінісцкую дзейнасць, за тое, што Воля адкрыла фемпрастору і вельмі шмат працуе з беларускамі, для беларусак, а таксама для ўкраінак і польскіх жанчын,  асабліва з тэмамі гендэрна абумоўленага гвалту, для прасоўвання правоў жанчын, і робіць многа культурных і адукацыйных мерапрыемстваў. Я нават у фэйсбуку крыху пажартавала, што гэта нейкі фемінісцкі год для беларусак.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя