Маргарыта Свігло з Берасця вымушана была ўцякаць за мяжу не адразу пасля рэвалюцыі. Па іх з мужам прыйшлі на пачатку 2022 года. Чаму была пагроза апынуцца ў турме, як удалося збегчы з малымі дзецьмі, пра адаптацыю ў новай краіне мы пагаварылі з палітуцякачкай, госцяй Беларускага Радыё Рацыя Маргарытай Свігло.

РР: Што вас вымусіла з’ехаць?
Маргарыта Свігло: У студзені 2022 года да нас прыйшлі з вобшукам, і калі яны паказалі пастанову, то нібыта я была ўдзельніцай вось гэтых берасцейскіх баспарадкаў. Гэта было напярэдадні Раства, яны нас пакінулі дома, але ж мы ведалі, што пасля свята яны па нас прыйдуць, і па мяне, і па мужа. То бок мы прынялі рашэнне, што нам ужо патрэбна пакідаць краіну, а выезд у нас ужо быў закрыты яшчэ летам 2021 года. Першапачаткова па плану мы хацелі адправіць дзяцей ва Украіну, а самім трапіць у Расеі і чакаць вось гэтага калідора, каб далучыцца потым да дзяцей. Але ж на той момант былі гэтыя вайскоўцы паўсюль, то бок за мяжу, ва Украіну ўжо было ніяк не трапіць, нават у Расею.
Нам патэлефанавала Наталля Калегава днём і сказала, што нас чакаюць у Літве, для нас ужо ёсць калідор, для нас, і для дзяцей. Канешне ж, гэта нелегальны пераход. Ішлі мы раніцай, гэта было 5 гадзін раніцы, быў такі невялікі мароз. Былі такія рэкамендацыі, калі пачнуць страляць з беларускага боку, каб мы не звярталі на гэта ўвагі і ішлі далей. Старэйшаму сыну на той момант было 13 год, а дачцэ 5 год. Яна сядзела на плячах у бацькі, ён трымаў яе за ногі, заплечнікі ў яго былі спераду і ззаду. Спачатку мы беглі па лесе, пасля было возера, і нам сказалі, што нас там недзе будуць чакаць.
Беглі, дзеці вельмі стаміліся, прасілі ўключыць ліхтарыкі, бо не бачым, куды мы ўвогуле ідзём. І муж з дачкой праваліліся пад гэты лёд, вышэй калена ён сеў у ваду, але ўжо на літоўскім баку.
РР: Вас чакалі?
Маргарыта Свігло: Нас ужо сустракалі літоўскія памежнікі, яны былі на аўтамабілях, яны былі з двух бакоў. З аднаго боку там возера і з другога боку возера. Яны засвяцілі гэтымі ліхтарамі, і мы іх убачылі. Гэта ж быў такі адрэналін, калі мы беглі. І ўжо калі яны нас сустрэлі, калі мы сталі, калі ўжо адрэналін пачаў адпускаць, прыйшло тое ўсведамленне, што ўвогуле адбылося. Што мы нелегальна трапілі за мяжу – гэта адно, калі там ты ідзеш адзін, але ж гэта былі дзеці. І гэта вось у галаве, якой небяспецы я іх увогуле падвергла. А што б калі пачалі страляць? Вось такое было.
Потым былі вось гэтыя тры дні на памежнай заставе, дзеці ўспрымалі гэта як нейкую гульню. Але ж малая дачка ў нас эмацыйная дзяўчынка, калі да нас у першыя дні прыязджаў літоўскі журналіст, браў інтэрв’ю і ў яе запытваў пра яе адчуванні, што яна памятае, як пераходзілі мяжу, яна яму расказала, што бабуля мне, калі мы сыходзілі з Беларусі, павесіла крыжык на шыю. І дачка сказала, што гэты крыж і Бог нам дапамаглі, каб мы перасеклі гэтую мяжу.
РР: Вы не займаліся палітыкай да 2020 года?
Маргарыта Свігло: Я ездзіла на плошчу ў 2010 годзе ў Менск, там затрыманая я не была, у 2015 годзе – не, але ж да 2020 года мы сачылі за навінамі, за палітыкай у Беларусі. У 2020 годзе ўжо мы паўнавартасна паўсталі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






