Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя — журналіст, актывіст і камунікатыўны менеджар дыяспары беларусаў у Кракаве Глеб Ляпейка. З актывістам гутарыць Алеся Вербаловіч пра жыццё і апошнія навіны дыяспары, пра адносіны беларусаў у Кракаве з мясцовымі ўкраінцамі і гарадской уладай, а таксама пра Дзень волі.

РР: Якія былі апошнія мерапрыемствы ў дыяспары і што чуваць у плане навінаў? Я вось чула, што ўдалося нават атрымаць памяшканне для мэтаў дыяспары.
Глеб Ляпейка: Што датычна вялікіх мерапрыемстваў, апошняе з іх было Гуканне вясны на пачатку сакавіка, на якое прыйшло 200-250 чалавек, не падлічвалі. Гэта было прычым за горадам, не ў самім Кракаве, але тым не менш шмат людзей прыехала. А перад гэтым быў яшчэ Тыдзень роднай мовы, калі мы праводзілі нашу традыцыйную дыктоўку на роднай мове. Яе мы праводзілі разам з нашымі ўкраінскімі партнёрамі. І такім чынам адбываліся адразу дзве дыктоўкі ў двух розных пакоях. Мне складана сказаць, колькі там было людзей, бо сам я там не быў.
Што датычна галоўных навінаў – дзве галоўныя навіны на цяпер – гэта мы анансавалі дату пікніка, які адбудзецца 27 ліпеня ў нас у Кракаве, у парку Іёдана з вольным уваходам. Таму шчыра запрашаем усіх з іншых гарадоў і краін. Калі ласка, прыязджайце да нас!
А другая навіна – так, мы арандавалі памяшканне ў самым цэнтры Кракава за вядомым Марыяцкім касцёлам, які вы бачыце заўсёды на паштоўках і здымках з Кракава. Гэта памяшканне на 100 квадратных метраў, там ёсць некалькі пакояў, вялікі пакой на 51 квадратных метраў, два трохі меншыя, прыбіральня і калідор. Мы назвалі гэтая месца “Прастора”, і з яе мы спрабуем стварыць Дом беларускай дыяспары Кракава, бо ў нас ніколі не было памяшкання, якое цалкам належала б нам. Раней мы былі ў субарэндзе іншага памяшкання, трохі меншага, разам з польскай арганізацыяй. А цяпер прастора належыць цалкам нам, і мы робім у ёй, што хочам у любы час, які хочам – у дзень, у ноч, у выходныя, будныя дні. Развіваем ініцыятывы, у нас ёсць рэгулярныя ініцыятывы, ёсць аднаразовыя мерапрыемствы. Гэта больш культурны напрамак, то бок гэта танцы, кінапрагляды, мастацкія воркшопы, майстар-класы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, інтэрактыўныя нейкія мепрыемствы, шмат дзіцячых у тым ліку мепраемстаў. Гэта і клуб настольных гульняў для дзетак, і тэатр дзіцячы. Ёсць і бібліятэка з беларускімі кнігамі, называецца “Кніжны вырай”. То бок шмат чаго ёсць і паступова з’яўляюцца новыя ініцыятывы.
І пакуль мы стварылі краўндфандынг для развіцця прасторы, бо відавочна аздобіць прастору і наладзіць працу, наладзіць працэсы – гэта ўсё патрабуе грошай. Прычым, што ніхто з актыву дыяспары не зарабляе ніякіх грошай за сваю працу на справу дыяспары.
Гэта ўсё патрабуе грошай, таму мы запусцілі збор. І калі хтосьці гатовы ахвяраваць умоўных 20-40 злотых, мы будзем вельмі ўдзячныя, бо зараз кожны злоты неабходны.
РР: Як да вас ставяцца мясцовыя ўлады ў Кракаве?
Глеб Ляпейка: Камунікацыя з гарадской адміністрацыяй у нас амаль адсутнічае. То бок мы знаёмыя з некаторымі людзьмі з адміністрацыі і трымаем кантакт, але няма нейкай актыўнай супрацы. Тым больш на мясцовых выбарах 7 красавіка ўжо ўсе ведаюць, што цяперашні прэзідэнт не застанецца. І відавочна, што зменіцца склад і іншых органаў улады ў Кракаве. Таму мы чакаем вынікаў і будзем наладжваць супрацу з тымі, хто будзе новымі кіраўнікамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Глеб Ляпейка падкрэслівае — важна заставацца беларусамі, асабліва ў эміграцыі. Варта гуртавацца, памятаць і бараніць сваё.
Беларускае Радыё Рацыя






