BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Глядзім у 2024. Ці стануць легітымнымі беларусы замежжа?

«Кабінет» і «офіс» – вось два галоўных словы 2023 году, калі глядзець на спробу грамадска-палітычных працэсаў у беларускім асяроддзі за мяжой. Аб’яднаны пераходны кабінет і офіс Святланы Ціханоўскай. Калі з офісам больш-менш зразумела, Святлана Ціханоўская законна абраная прэзідэнтка, якая не прынесла прысягу, то кабінет – штосьці вельмі расплыўнае, і не надта зразумелае нават спецыялістам.

Гаворачы пра легітымнасць беларусаў за мяжой, варта сыходзіць з пажаданняў і намераў, чым з прагнозаў.

У 2020-м годзе Святлана Ціханоўская магла прыняць прэзідэнцкую прысягу, напрыклад, у Вільні, чым толькі ўзмацніла бы сваю легітымнасць. Але на той момант спадарыня Святлана толькі рабіла першыя крокі ў палітыцы. Магчыма, ёй не хапіла рашучасці, а можа быць так ёй нашапталі новаз’яўленыя дарадцы. У кожным разе сёння беларусы маюць Святлану Ціханоўскую як сімвал законнай улады.

2023 год, ягоная другая частка, – гэта яшчэ і спрба арганізаваць выбары ў Каардынацыйную Раду. Зноў жа досыць расплыўны кіроўны орган. Дзе не відавочна на якіх падставах кімсьці камусьці дэлегуецца свайго кшталту дэпутацкае права.

Беларусы за мяжой наўпрост залежаць ад заканадаўства краін, дзе знаходзяцца. А так сама ўскосна ад бягучай палітычнай павесткі краіны знаходжання. Яркі прыклад – Літва, дзе некаторыя людзі ва ўладзе занепакоіліся ледзь не беларускай нацыянальнай экспансіяй. Ці адваротны прыклад – Польшча, дзе беларусы спакойна ладзяць свае маршы па цэнтры Варшавы, і нікога з палякаў не палохаюць сваёй грамадскай актыўнасцю.

Іншая пытанне для чаго актыўнасць? Каму і што беларусы дэманструюць?

Як наваспечаны палітычны эмігрант я бы параіў і Офісу і Кабінету арганізаваць дапамогу суайчыннікам за мяжой. Што рабіць калі цябе падмануў працадаўца, якую афармляць страхоўку, наагул як жыць у новай краіне з новымі сацыяльнымі рэаліямі калі ты толькі вучыш мясцовую мову?

Сто паклонаў Святлане Ціханоўскай за сто ейных паездак на сустрэчы з лідарамі краін вольнага свету. Але час ідзе, і варта было б штосьці асязальнае, штосьці, што прастымулюе беларусаў удзельнічаць і ў палітычным жыцці.

Беларусы могуць і мусяць легітымізавацца без аглядкі на краіну прыбывання. Электронны ўрад, электронныя выбары, электронны дакумент беларуса замежжа. Гэта простыя крокі, якія можна зрабіць ужо ў 2024 годзе.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя