BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Глядзім у 2024. Цывілізацыйны выбар беларусаў: “Заходнія” Каляды

Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паказала ў жывым эфіры святочную імшу да свята Божага нараджэння. Перад тым грэка-каталіцкі святар высокага рангу распавядаў пра традыцыі святкавання Раства і наступных за ім Калядаў. Мы памятаем пра пераслед святароў розных хрысціянскіх канфесій на тэрыторыі Беларусі. Мы ведаем пра пераслед рыма-каталіцкай царквы як такой. Але маем перад сабою карцінку, дзе інфармацыя пра святочнае набажэнства падаецца так, нібы за апошнія тры гады не было спробаў дыскрэдытацыі касцёлу.

Сёння ў Беларусі накладаюцца адна на адну і ўступаюць у канфлікт дзве, кожная па-свойму варожыя для беларусаў, ідэйныя канцэпцыі.

Першая – савецкая БССРаўская. У вонкавыя афармленні дзяржаўнай ідэалогіі Лукашэнка прыблізна на 90% пакінуў тое, што было за савецкім часам. А менавіта – народніцтва. А гэта значыць традыцыйныя строі, песні, танцы і беларуская мова, калі ўсё названае існуе ў музеях, дамах культуры і на профільных факультэтах навучальных установаў.

Астатнія 10% – гэта новае. Напрыклад, магчымасць для людзей хадзіць у свае цэрквы. І ў рыма-каталіцкі касцёл, канешне, бо да чвэрці выбарцаў Лукашэнкі так ці інакш звязаныя з не праваслаўнай тэмай.

Другая канцэпцыя – выключна крамлёўская. Вось там акурат ненавісны Захад – гэта найперш касцёл, а Польшча першая каталіцкая краіна на мяжы Расейскай імперыі, а значыць беларусы, якія ходзяць у касцёл, яны палякі ці прыпалячаныя, а значыць яны ворагі. Калі спрошчана, то прыблізна так.

Капіюючы расейцаў у беларускіх рэаліях, каля лукашэнкаўскія рускамірцы чарговы раз трапляюць міма.

Для беларусаў рэлігія і размовы ці маўчанне пра яе – гэта ўнутраныя хатнія справы. Фактар рэлігіі не ўплывае на грамадскія адносіны ніяк.

Названая асаблівасць – наша беларуская непаўторансць, якая ўплывае на тыя рэчы, што робяць нас адметнымі.

Наша вонкавая нерэлігійнасць не зразумелая ў любой суседняй краіне. Хоць бы таму, што ў суседзяў царква той ці іншай канфесіі так ці інакш уплывала на палітычныя працэсы.

Цяпер мы назіраем як нядаўна аддзеленая ад Маскоўскага патрыярхату Украінская Праваслаўная царква першы раз адзначае свята Божага нараджэння разам з большасцю хрысціянскіх цэркваў.

Гэта важны цывілізацыйны крок для ўкраінцаў.

А для беларусаў крок зроблены даўно. Хай сабе адзначаюць не ўдома, а ў кавярнях, хай сабе не так як трэба паводле канону, але «заходняе» Раство сталася часткай традыцыі для многіх беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя