Пра гэта пачыналі казаць яшчэ ў 2020 годзе, калі міліцыя ўламывалася ў кватэры дзе заўгодна і вырабляла што заўгодна. Казалі, што наступнымі будуць бандыты, якія проста прыкінуцца міліцыяй. І вось гэта здарылася. У калядны, ці пераднавагодні, тыдзень, каму як бліжэй, у кватэру беларускі ўварваліся мужчыны ў масках, назваліся супрацоўнікамі КГБ і шукалі грошы.

Названая гісторыя першая, з, прынамсі, вядомых. Цяпер у лукашэнкаўскіх карнікаў, якіх па звычцы некаторыя медыі клічуць «сілавікамі», складаная сітуацыя. Бо калі махляроў не знойдуць, гэта будзе ганьба і для КГбістаў, і для губазікаў. Больш за тое, хтосьці захоча паўтарыць «подзвіг» невядомых злачынцаў.
Яшчэ адна небяспека для ўладаў у тым, што раптам высветліцца, што вымагаць грошы да кабеты прыходзілі і праўда «сілавікі», толькі ў свой па-за працоўны час. Хто ведае, можа быць падчас чарговага ператрусу за лайк, камент ці перапост хтосьці прапанаваў адкупныя, падкінуў ідэю.
У кожным разе мы назіраем у развіцці сітуацыю, якая пачала трывала прасочваца прыблізна ад вясны 2021 году, калі каток рэпрэсій пайшоў трушчыць усё і ўсіх. Абяцаючы «знайсці ўсіх» Лукашэнка блефаваў. Знаходзяць звычайна найменш падрыхтаваных людзей. Старых антылукашэнкаўскіх байцоў затрымліваюць вельмі мала, бо людзі даўно разумелі дзе жывуць і як сябе паводзіць бяспечна.
Такім чынам склалася сітуацыя, калі махавік рэпрэсій раскручаны, але на якасна новы ўзровень не пераходзіць. Тады карная машына пачынае працаваць унутр. Зноў мільгаюць загалоўкі пра затрыманні дырэктараў прадпрыемстваў ці начальнікаў дзяржаўных установаў.
Мала хто ўжо памятае, што ў 2016-2019 гадах штодня «за карупцыю» за краты адпраўлялі па два чалавекі ў сярэднім за дзень. Гэта за традыцыйныя падарункі кшталту каробкі цукерак ці бутэльку каньяку.
Ужо не раз прамаўлялася, што мы назіраем глабальную паўзу ў канфлікце Крэмль супраць Захаду. І адначасова паўзу ў дачыненні да лукашэнкаўскай Беларусі.
Але і знутры акупаванай Беларусі мы бачым сітуацыю, калі рэпрэсіі не змяншаюцца, але і не павялічваюцца. Стан чакання з абодвух бакоў.
Толькі вось гэтая гісторыя з фальшывым ператрусам дэманструе гніенне сістэмы. Бо бандыты замахнуліся на самае свяшчэннае для дыктатараў – на манаполію на гвалт.
Бларускае Радыё Рацыя






