BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Глядзім у 2024. Неабходнасць плаціць за свае медыя

Пачну з сумных навінаў: з усіх бакоў чуваць ад прадстаўнікоў незалежных беларускіх медыя, што вялікія фонды міжнароднага маштабу робяць стаўку на расейскія медыя. Маўляў, навошта ўкладацца ў беларусаў, калі ў іх з расейцамі падобная праблема? І вырашацца праблема дыктатуры мусіць у адным інфармацыйным і палітычным полі.

Я зараз перакладу эзопаву мову чыноўнікаў міжнародных фондаў на агульна зразумелыя паняцці. Галоўнае ў тым, што па Беларусі дагэтуль няма палітычнага рашэння. Красамоўным таму пацвярджэннем ёсць той факт, што заступаючы на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы Дональд Туск за больш як дзве гадзіны сваёй прамовы ні разу не згадаў Беларусь. Расею згадаў, а Беларусь – не.

З іншага боку, гэта той выпадак калі словы словамі, а справы справамі: Польшча як падтрымлівала незалежныя ініцыятывы беларусаў, так і працягвае падтрымліваць не гледзячы на агульны ступар, у якім апынуўся Захад што да сваёй усходняй палітыкі наагул.

Мне могуць сказаць, маўляў, медыі мусяць самі зарабляць. Так, канешне, толькі за невялікі данат у пяць долараў чалавек у Беларусі можа атрымаць пяць гадоў зняволення.

Такім чынам, беларусаў заганяюць у двайныя клешчы: і з Беларусі, і з Захаду.

Цяпер добрая навіна. З выданнем Reform.by адбыўся цуд на Каляды, які цалкам сабе можа перарасці ва ўстойлівую тэндэнцыю. Стваральнік рэсурсу Фёдар Паўлючэнка выступіў з адкрытым зваротам, дзе распавёў, што адзін з вядомых фондаў адмовіўся ад стацыянарнага фінансавання Reform.by. Маўляў, каманда медыя не ідзе нага ў нагу з часам, і наагул трэба фінансаваць расейскую апазіцыю, бо яна паўплывае на штосьці.

Няма падставаў не давяраць Фёдару Паўлючэнку, гэта вядомы ў прафесійных колах чалавек з пазітыўнай рэпутацыяй.

Тут цікава, што Фёдар не прасіў у чытачоў і слухачоў Reform.by грошай. А яму скінуліся за два дні 17 000 еўра. Гэта для параўнання дзесяцімесяцавы заробак журналіста аддзелу навінаў.

Асобна адзначаецца, што хтосьці перавёў адразу 10 000 еўра.

Гэта значыць, што калі весці правільную інфармацыйную палітыку, значна больш людзей змогуць далучыцца да фінансавання праекту.

Беларусы навучыліся фінансава падтрымліваць вымушаных эмігрантаў і сем’і палітзняволеных.

Гісторыя з Reform.by дае надзею, што мы навучымся фінансаваць свае медыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Севярын Квткоўскі