У Рэчыцы пад пагрозай дэпартацыі апынулася 30-гадовая грамадзянка Грузіі Цыра Прыйма. жанчына жыве ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў, паведамляе «Флагшток».
Яна вядомая сваім удзелам у спартовых мерапрыемствах, у тым ліку ў рэспубліканскім лёгкаатлетычным забегу і гомельскім паўмаратоне. Прычынай магчымай дэпартацыі стала абвінавачанне ў распаўсюдзе інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Нібыта ў 2020 годзе яна «ўважліва сачыла» за такімі рэсурсамі і рабіла рэпосты. 27 лістапада Прыйму судзілі ў гэтай справе, але рашэнне суду пакуль не вядомае.
Беларускае заканадаўства дазваляе прымяняць дэпартацыю за адміністрацыйныя правапарушэнні або «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі». Рашэнне прымаюць органы ўнутраных спраў, што ў гэтым выпадку можа прывесці да падзелу сям’і.