Польская нацыянальная пракуратура прад’явіла абвінавачанне грамадзяніну Беларусі Сцяпану К. у падпале шматпавярховай будаўнічай крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 года.

Пажар у гандлёвым цэнтры OBI на вуліцы Радзыміньскай адбыўся 14 красавіка мінулага года, згарэла частка крамы, шкода ацэньваецца на суму ў больш за 3,5 мільёна злотых.
Паводле версіі абвінавачання, грамадзянін Беларусі 13 красавіка разліў у краме лёгкаўзгаральную вадкасць і пакінуў прыстасаванні для дыстанцыйнага падпалу. Уначы на 14 красавіка яны спрацавалі, і пачаўся пажар. Таксама Сцяпан К. здымаў пажар на тэлефон, а пазней частка гэтых матэрыялаў «была апублікавана на расейскіх прапагандысцкіх сайтах».
«Акрамя таго, устаноўлена, што падазраваны здзейсніў названы падпал, дзейнічаючы ў інтарэсах замежнай выведкі, а менавіта выведкі Расейскай Федэрацыі, і па заданні расейскіх спецслужбаў», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Мужчыне прад’яўлены абвінавачанні ў здзяйсненні дыверсіі ў інтарэсах замежнай выведкі і тэрарыстычным злачынстве. Паводле гэтых артыкулаў прадугледжана пакаранне ажно да пажыццёвага зняволення.
Суд вырашыў пакінуць Сцяпана К. пад арыштам яшчэ на тры месяцы. Таксама мужчына з’яўляецца фігурантам расследавання ў справе арганізаванай злачыннай групы, якая займаецца вярбоўкай і арганізацыяй дыверсійнай дзейнасці ў інтарэсах замежнай выведкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: PAP/Tomasz Gzell