У Грузіі за тыдзень — два інцыдэнты з беларусамі: аднаму адмовілі ў абароне, другога затрымалі. Спачатку міжнародную абарону не атрымаў праваабаронца Раман Кісляк. Затым — затрыманне яшчэ аднаго беларуса падчас падачы дакументаў на статус уцекача.

Праваабаронцы і дыяспара занепакоеныя: у краіне, якую раней лічылі адносна бяспечнай, назіраецца трывожная тэндэнцыя.
Пра сітуацыю — каментар ад сябра Каардынацыйнай рады, спартоўкі і грамадзянскай актывісткі Марыны Зялёнай:
– У дыяспары беларусаў у Грузіі адсутнічае суб’ектнасць. Гэта бачна па тым, як з намі абыходзяцца ўлады Грузіі, бо вялізная сістэма ўлады не можа састыкавацца з пазламі некаторых актывістаў, якія вырашаюць праблемы дыяспары. А мы ведаем, што ёсць крамы беларускія ў Тбілісі, ведаем, што людзі з Беларусі прыязджаюць адпачываць. А ў нас ёсць такія пачуцці, што ўлады не бачаць 11 або 12 тысяч беларусаў з мясцовай дыяспары.

Па словах Марыны Зялёнай, актывісты з Грузіі патрабуюць знешняй дапамогі:
– У мяне ёсць такая калода карт, там ёсць і тузы, і джокеры і г.д. Гэта людзі, якія гатовы ўпісацца за беларусаў у Грузіі, яны гатовы размаўляць. І калі ўлады Грузіі дадуць згоду на гэта, мы гатовы прыйсці і сесці за стол перамоваў і сказаць: у нас тут жыве амаль 12 тысяч беларусаў. Гэта людзі, якім ужо складана з’ехаць, у іх тут ёсць і бабулі, і дзядулі, у іх тут дзеці нарадзіліся.
На думку актывістаў, што знаходзяцца ў Грузіі, два эпізоды за апошні тыдзень гэта, як два ўдары ў спіну для беларусаў, што спрабуюць уратавацца ад рэпрэсій у гэтай каўказскай краіне.

Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Марыны Зялёнай.






