Тбіліскі гарадскі суд пачаў разглядаць скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову ў прытулку ў Грузіі.

Першае пасяджэнне адбылося 26 лютага. “За 1 гадзіну 40 хвілін паспелі выступіць я і мой адвакат. Была прадстаўніца дэпартамента міграцыі МУС, але на яе часу не хапіла“, — паведаміў выданню «Позірк» Раман Кісляк.
Разгляд яго справы працягнецца 19 сакавіка. Калі скарга не будзе задаволеная, беларускі праваабаронца мае намер звярнуцца ў Апеляцыйны суд Тбілісі і пры неабходнасці ў адзін з міжнародных органаў.
Заяву аб прадастаўленні прытулку Кісляк падаў у лютым 2023 года. Рашэнне аб адмове было прынята ў жніўні 2024 года. У адмове гаворыцца, што Кісляк адпавядае крытэрам, вызначаным Жэнеўскай канвенцыяй “Аб статусе ўцекача” і закону краіны “Аб міжнароднай абароне”, аднак, на думку дэпартамента міграцыі, “маюцца дастатковыя падставы для дапушчэння”, што яго знаходжанне ў Грузіі можа “супярэчыць інтарэсам краіны”.
Беларускае Радыё Рацыя






