BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ігар Казмерчак: У Беларусі я двойчы сядзеў

Нягледзячы на тое, што рэжым вышпурнуў чатыры гады таму з Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна», праваабаронцы працягваюць абараняць людзей, правы якіх парушаюцца гэтым рэжымам, хаця рабіць гэта стала складаней.

Праваабаронца Ігар Казмерчак.
Ігар Казмерчак

Пра тое, як працуюць вясноўцы на гэтай цяжкай ніве, мы паразмаўлялі з Госцем Рацыі праваабаронцам з Воршы, які жыве за мяжой, Ігарам Казмерчакам:

РР: Чаму вы вырашылі абараняць правы чалавека і як доўга вы гэтым займаецеся?

Ігар Казмерчак: Насамрэч адбылося гэта дастаткова выпадкова. Гэта не нейкая цікавая гісторыя. Мяне запрасілі ў «Вясну». З той пары я і працую. Але ўнутранае пакліканне, канешне, таксама ёсць. Сама гісторыя правоў чалавека бярэ выток з пачатку ХХ стагоддзя, калі аказалася, што дзяржава можа быць не інструментам дапамогі чалавеку, а ўвогуле пагрозай для чалавека. Сталінскія рэпрэсіі, гітлераўскія расстрэлы, генацыды – адтуль бярэ свой пачатак ідэя правоў чалавека. І ў нашай дзяржаве, дзе ёсць відавочная дыктатура, дзе ёсць палітычна-матываваныя прысуды і ўвогуле несправядлівасць у дачыненні да чалавека з боку дзяржавы, гэтае пытанне вельмі актуальнае. Ёсць што абараняць, ёсць чым займацца.

РР: Вы самі падвяргаліся рэпрэсіям у Беларусі і цяпер, калі вы знаходзіцеся ў замежжы?

Ігар Казмерчак: Так, у Беларусі я двойчы сядзеў. Адзін раз па адміністрацыйнай справе, а другі раз – такая прафілактычная была ў мяне пасадка па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнай справы.

РР: І колькі вы сядзелі?

Ігар Казмерчак: У 2006 годзе я пяць сутак адсядзеў. І 2021 годзе я трое сутак па падазрэнні ў крымінальным злачынстве. Пры гэтым мне толкам так і не змаглі патлумачыць у чым мяне падазраюць. То бок фармальна патлумачылі, але без падрабязнасцяў. Мне падаецца, што там і следчы не разумеў да канца за што мяне пасадзілі. Акрамя гэтага ў сярэднім раз на пяць гадоў на мяне заводзілі розныя крымінальныя справы, якія, праўда, развальваліся, але спробы такія былі. А ўжо пасля 20-га года гэтыя крымінальныя справы ўжо пайшлі патокам. На сённяшні дзень я не ведаю, колькі на мне крымінальных справаў, я проста перастаў іх лічыць.

РР: Вы з’ехалі з краіны з рознымі перашкодамі і цяжкасцямі. Ці далі вам спакойна выехаць?

Ігар Казмерчак: Атрымалася так, што дзяржава закрыла маю грамадскую арганізацыю, дзяржава закрыла фактычна мой бізнес, і я аказаўся аж занадта свабодным, мне не трэба было шукаць сродкі на арэнду офісаў і г.д. І я вырашыў скарыстацца магчымасцю, што я нарэшце свабодны і ні да чаго не прывязаны, што мне кожны месяц не трэба нешта рабіць. Мяне запрасілі на рэабілітацыйную праграму ва Украіну. Я туды паехаў. Добра правабіў час, але як раз у гэты час да мяне прыйшлі міліцыянты дадому. Я зразумеў, што яны прыйшлі не проста «цыгарэтку стрэльнуць», або не проста пацікавіцца як мае справы. І вось тады, фактычна знаходзячыся ў адпачынку, я зразумеў, што вяртацца было б проста не рацыянальна, не разумна, і я застаўся спачатку ва Украіне, а потым пераехаў у Літву.

РР: Ці шмат рэпрэсій здарылася ў Воршы, дзе вы непасрэдна абаранялі людзей?

Ігар Казмерчак: Адносна іншых беларускіх рэгіёнаў Воршы пашанцавала. У Воршы адбылося не шмат рэпрэсіяў. Я не скажу лічбу, гэта трэба сесці і падлічваць. Але і сказаць, што зусім нікога не закранула, канешне, таксама не скажаш. Дзесьці былі меншыя тэрміны, дзесьці менш жорстка арыштоўвалі людзей, агульная колькасць меншая, чым у сярэднім па краіне, але зусім рэпрэсіі нас не абмінулі таксама.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя