Мову як фактар самаідэнтыфікацыі назвалі толькі 4% беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Гэта вынікае з даследавання метадам тэлефоннага апытання, якое было праведзенае ў 2024 годзе. А як ставяцца да беларускай мовы беларусы на эміграцыі? Пагоршылася ці палепшылася сітуацыя з беларускай мовай за апошні год у Беларусі?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае юрыст і праваабаронца Ігар Случак у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Заканчваецца год, звычайна прынята падводзіць вынікі. Пачнем з вынікаў грамадскай дзейнасці па абароне беларускай мовы. Ці задаволены ты імі?
Ігар Случак: Мая праца ў гэтым годзе была такая, як ва ўкраінцаў на фронце. Мы трымалі гэтыя межы, межы беларускай мовы. Можа мы не прасунуліся наперад, але і пазіцыі асабліва не здалі таксама. Таму, я лічу, што гэты год быў даволі ўдалым для беларускай мовы.

РР: Якія самыя паспяховыя кампаніі можаш згадаць? Кніга «10 стагоддзяў дзяржаўнасці. Дыскрымінацыя беларускай мовы» – гэта вынік працы гэтага году?
Ігар Случак: Так, гэта кніга падсумаванняў, напрацовак, якія былі за мінулыя гады. І яны з’явіліся ў гэтай кнізе. Таксама даволі добры вынік гэта тое, што агулам па Беларусі атрымалася зрабіць такую тэндэнцыю, што вулічныя шыльды, вулічныя ўказальнікі, цяпер робяцца альбо на беларускай мове, альбо на дзвюх дзяржаўных мовах. Атрымалася змяніць гэтую тэндэнцыю, што шыльды раней рабіліся на рускай мове. Зараз выканкамы гэтыя шыльды робяць у асноўным на беларускай мове. Гэта добра. Кожны чалавек можа бачыць гэтыя шыльды, бачыць, што нашая беларуская мова паўсюль.
РР: Як атрымалася гэта зрабіць?
Ігар Случак: Перапіска, перапіска… перапіска з чыноўнікамі. Яна, канешне, не адразу дае свае вынікі, трэба некалькі разоў напісаць, можа нават некалькі разоў за год. Калі пачынаеш перапіску ў 2021 годзе, то ў 2023 годзе, у 2024 годзе вынікі з’яўляюцца. Таму тое, што пачыналася ў 2022 годзе, дало свае вынікі ў 2024-ым. І гэтыя шыльды зараз будуць у Беларусі на беларускай мове.
РР: Калі ўзяць прыклад гэтага году. Пагоршылася, ці палепшылася сітуацыя з беларускай мовай у самой Беларусі? Таму што я акурат гляджу ў снежні ты пісаў пра школы, што, напрыклад, у Пінскім раёне 68% школьнікаў вучыцца на беларускай мове, у Лунінецкім 71% беларускамоўных школ, але навучаюцца па-беларуску толькі 30 школьнікаў. Дык палепшылася ў гэтым годзе сітуацыя, ці пагоршылася?
Ігар Случак: Сітуацыя засталася на ўзроўні мінулага году. Дзесьці беларускай мовы стала больш, дзесьці засталася на тым самым узроўні. Адукацыя – гэта заўжды нашае слабое месца, бо няма ніякіх законных падставаў і рычагоў, каб неяк уздзейнічаць на адукацыю. Адукацыя змяншаецца з кожным годам прыкладна на адзін працэнт. Зараз гэта 9-10 працэнтаў. У 2025 годзе, калі нічога не зменіцца, будзе – 8%. Таму, канешне, з адукацыяй праблема. З іншага боку, па назіранні, людзі сталі больш прыхільна ставіцца да беларускай мовы, выкарыстоўваюць яе паміж сабой. Бо гэтая мова паказвае, што чалавек мае здаровы сэнс. Мова – гэта як маркер адэкватнага чалавека. Бо руская мова – гэта мова тэрору, гвалту, вайны, забойстваў. Няхай людзі ў Беларусі гэта не прамаўляюць адкрыта, але добра разумеюць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






