Госць Рацыі – юрыст, грамадскі дзеяч, моўны інспектар, як яго называюць некаторыя, – Ігар Случак. З ім размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Ці дайшоў да Вільні “дым вайны”, вобразна кажучы. Пішуць, што ў Вільні Міністэрства здароўя ўжо распаўсюдзіла трывожную SMS-ку і звязана гэта з дымам, які ідзе з боку Беларусі. А ў Беларусі гэты дым апынуўся ці то з-за пажару тарфянікаў на Гомельшчыне, адкуль вы і родам, альбо нават з зоны баявых дзеянняў паміж Украінай і Расеяй. Ці бачны дым у паветры над вамі, вакол вас?
Ігар Случак: Учора, напрыклад, можа быць такі лёгкі пах дыму быў, зусім такі не надакучлівы, я б сказаў, а вось сёння зусім нічога такога не адчуваю. Сам зараз на вуліцы знаходжуся.
Я сам, як вы казалі, з Гомеля, і ў нас гэты дым ад тарфянікаў рэч звычайная. І там у нас, у Гомелі, як пачынае гарэць, то там ужо бачна, нават няўзброеным вокам, што дым стаіць. І ніхто там, дзяржава, канешне, не папярэджвае, што трэба зачыняць вокны ці нешта такое.
РР: А яшчэ бывае, што гарыць і Чарнобыльская зона, лясы ў ёй, што яшчэ больш небяспечна.
Ігар Случак: Так, сама Гомельская вобласць лічыце амаль што Чарнобыльская зона. Проста некаторыя рэгіёны выведзеныя з гэтага чарнобыльскага фонду забруджанага проста на паперы, гэта нічога не значыць, таму вось так. Для людзей у Гомелі і Гомельскай вобласці гэта праблема ўвесь час, кожнае лета.
РР: Але думаю, што шакаваў гамельчукоў на гэтым тыдні той залёт “шахедаў”, проста над Гомелем іх там збівалі, гэта нешта новае, напэўна, і адчуванне таго, што вайна зусім блізка.
Ігар Случак: Так, гэта такі відавочны напамін пра тое, што вайна ў суседа ідзе і лічы, што і на нашай тэрыторыі адбываецца. Бо калі ўжо збіваюць лятальныя апараты на тэрыторыі другога па велічыні горада Беларусі, то гэта ўжо відавочная праблема. Пашанцавала, што нікога не забіла аскепкамі гэтага дрона ці іншага вайсковага лятальнага апарата.
РР: Што тычыцца падзей у Вільні, што таксама там адбываецца з беларускай дыяспарай? Раней мы чулі пра атаку на краму “Кропка”, цяпер Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, беларуская царква, цэнтр “Дапамога”. Што гэта ўвогуле адбываецца і што гавораць у дыяспары пра гэта, хто за гэтым стаіць?
Ігар Случак: Відавочна, што не літоўцы гэтым займаюцца, бо ніколі ні я, ні мае знаёмыя не бачылі нейкай агрэсіі ад людзей. Гэтага няма, ніякіх праблем ад літоўскіх грамадзян у беларусаў не ўзнікае. Можа ёсць нейкія праблемы з літоўскімі чыноўнікамі, якія не ўвесь час нармальна працуюць, але гэта ўжо іншая праблема. Але мы ўсё ж такі з аднаго рэгіёну, і калі ў Літве – дэмакратыя, то ў нас – дыктатура. Нашы чыноўнікі працуюць, як гадзіннікі, але не ў нармальным накірунку. Літоўскія ж, як і беларусы, трохі такія несабраныя, і з-за гэтага ў беларусаў могуць адбывацца праблемы, праз зацягванне тэрмінаў, няведання чыноўнікамі законаў і ўсяго астатняга. Вось гэта, магчыма, адзіная праблема беларусаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zerkalo.io