BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ігар Станкевіч: Гэты тэрор быў развязаны па загадзе Масквы

Усё больш імёнаў беларускіх катаў становіцца вядомымі, дзякуючы рассакрэчаным дакументам. Напрыклад, пра ката Віктара Быхоўскага і іншых стала вядома пасля таго, як даследчык сталінскіх рэпрэсій, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі ў Варшаве Ігар Станкевіч папрацаваў у польскіх архівах.

РР: Вам як даследчыку сталінскіх рэпрэсій удалося адшукаць яшчэ аднаго ката-энкавэдыста Віктара Быхоўскага. Як і дзе вы даведаліся пра гэтага садыста?

Ігар Станкевіч: Па-першае, спісы гэтых катаў ёсць у сеціве. Па-другое, я натрапіў на шэраг дакументаў, якія знаходзяцца ў варшаўскім архіве «Akt Nowych». Гэта калекцыя, якую стварала Fundacja na rzecz Nauki Polskiej у 90-х гадах. Яны выкупілі гэтыя дакументы ў беларускім архіве КДБ, перавезлі ў Польшчу, і з тае пары яны тут знаходзяцца ў вольным доступе ў архіве сучасных актаў «Akt Nowych». І ў гэтай калекцыі знаходзіцца амаль 950 крымінальных спраў на рэпрэсаваных у Беларусі. Агулам па гэтых справах праходзіць больш за 2000 рэпрэсаваных. І калі-нікалі ў некаторых справах трапляюцца дакументы 39-га, 40-га году, калі частка гэтых садыстаў з беларускага НКВД была арыштавана, давалі паказанні, ішлі працэсы над імі, трапляюцца дакументы з судоў, даведкі на кожнага з гэтых катаў.

І ў адным з дакументаў трапілася тое, што Міхася Чарота катаваў менавіта Быхоўскі Віктар Эмануілавіч. У дакуменце бачна, што ён вёў справу беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на ворагаў народа і былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай замовы – на былога старшыню ЦК Чарвякова, старшыню Саўнаркама Галадзеда, Шастакова і іншах. Усе яны былі рэабілітаваныя.

Гэта дакумент больш пазнейшы, ён быў створаны ў 1966 годзе следчым следаддзела КДБ БССР маёрам Кудровым. І дата ёсць – 20 чэрвеня 1966 года. Даведка была створана па абвінавачванні Цэйтліна Барыса Беркавіча, ён быў арыштаваны і асуджаны, працаваў начальнікам 3-га аддзела ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі НКВД БССР.

РР: А як вы выйшлі на самога гэтага Быхоўскага?

Ігар Станкевіч: У гэтай даведцы быў кавалак, прыведзены з іншых спраў. І гэты следчы КДБ у 1966 годзе рабіў агульную даведку і згадаў шэраг прозвішчаў. Гэта не толькі Быхоўскі, тут даволі шмат імёнаў, шмат сведчанняў іх дзікіх злачынстваў, як яны катавалі. Яны не толькі збівалі людзей, некаторым па дзесяць сутак не давалі легчы, трымалі на нагах, збівалі, адзін згадваў, што ахвяра 49 разоў губляла прытомнасць, саджалі на ножку крэсла, збівалі дратамі. І гэта ўсё адбывалася па загадзе Масквы.

Адзін з катаў узгадвае, што ў свой час, калі толькі-толькі пачалася польская аперацыя, гэта быў жнівень 1937 года, старшыня НКВД БССР Берман прыехаў з Масквы. Ён сказаў, па-першае, што беларускі НКВД вельмі моцна адстае па выкрыцці польскіх шпіёнаў ад Расеі і Украіны. Правёў асобную нараду і загадаў супрацоўнікам, што яны могуць ужываць фізічныя меры ўздзеяння. Такім чынам фактычна ён дазволіў катаванні ў шэрагах беларускага НКВД. І некаторыя з тых, каго дапывалі на судзе, якім пашчасціла перажыць і не быць расстраляным, яны сведчылі, калі ён знаходзіўся ў НКВД, з усіх кабінетаў чуўся моцны крык. Людзі не маглі трываць, калі іх моцна білі. Перад кожным следчым было пастаўлена заданне выбіваць паказанні ў дзень мінімум з трох чалавек. Вось такія ў нас былі часы.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя