BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ігар Станкевіч: На маёй мапе пазначаны вёскі, жыхароў з якіх расстрэльвалі ў Воршы

Дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі ў Варшаве, даследчык сталінскіх рэпрэсій у БССР, госць Беларускага Радыё Рацыя Ігар Станкевіч склаў мапу рэпрэсаваных і расстраляных з Воршы і вёсак Аршанскага раёна: https://kobylaki.by/map/. Мы пагаварылі з нашым госцем пра тое, якія вёскі найбольш пацярпелі ад сталінскіх карнікаў, за што арыштоўвалі і каралі людзей, дзе адбыліся масавыя расстрэлы і чаму.

РР: Вы апублікавалі мапу рэпрэсаваных і расстраляных у Воршы і раёне. Адкуль вы ўзялі матэрыял для гэтай мапы?

Ігар Станкевіч: Матэрыялы для гэтай мапы я браў з анкетных дадзеных рэпрэсаваных, з тых дадзеных, якія ёсць у адкрытых базах. Там звычайна пішацца, дзе нарадзіўся чалавек і дзе ён жыў на момант арышту. Па сутнасці гэта апошні адрас, пад якім жыў чалавек. Што да самой мапы, то я хацеў бы падкрэсліць, што на гэтай мапе пазначаныя вёскі Аршанскага раёну. З гэтых вёсак кагосьці рэпрэсавалі, кагосьці расстралялі ў Воршы. Але калі мы глядзім саму мапу, то мы можам пабачыць, што пазначаны таксама вёскі ў іншых раёнах, напрыклад, Заслаўскі, Лагойскі, Дзяржынскі, Менскі, Крупскі, Талачынскі, Ушацкі, Сенненскі. Гэта тыя раёны, адкуль на расстрэлы везлі людзей у Воршу ў 37-38-ым гадах.

РР: Распавядзіце крыху пра тое, за што сталінскія карнікі расстрэльвалі гэтых людзей.

Ігар Станкевіч: З большага, што я даследаваў, у асноўным людзей расстрэльвалі за тое, што яны «польскія шпіёны». Гэтыя расстрэлы адбываліся ў межах аперацыі НКВД «00447», так званыя “кулацкая аперацыя”, “аперацыя польская”, “аперацыя латышская”. Гэтыя аперацыі называюцца нацыянальнымі, яны былі скіраваныя супраць нацыянальных меншасцяў, якія жылі ў Савецкім Саюзе.

РР: Можа вы ведаеце статыстыку ахвяраў у гэтых мясцінах?

Ігар Станкевіч: На дадзены момант на мапу я дадаў 216 вёсак. Насамрэч гэтых вёсак можа быць болей. На дадзены момант пазначаны вёскі, адкуль расстраляныя мінімум 3 чалавекі. А іншыя вёскі, дзе расстраляныя па адным-два чалавекі, я пакуль яшчэ не дадаў. Агулам вядома, што ў Воршы расстраляна каля 2-х тысяч чалавек. Яшчэ каля 400 тысяч чалавек расстраляных – іх месцы расстрэлу не пазначаны. Таму невядома, дзе іх прах ляжыць, магчыма таксама ў Воршы. Але я таксама ведаю, што каля дзясятка чалавек расстралялі ў Смаленску, у прыватнасці гэта былі чыгуначнікі і шмат з іх было польскай нацыянальнасці. Некалькі чалавек расстралялі ў Менску, у Віцебску.

РР: То бок людзі былі з гэтых вёсак, але іх расстрэльвалі ў розных месцах?

Ігар Станкевіч: Тыя вёскі, якія я пазначыў на мапе, жыхары гэтых вёсак расстраляныя ў Воршы. Па Аршанскім раёне былі, напрыклад, рэпрэсаваныя яшчэ ў 32-36 гадах, якім прысудзілі ад трох да 15 гадоў лагероў.

РР: І дзе яны адбывалі сваё пакаранне?

Ігар Станкевіч: На жаль, на гэтае пытанне адказаць я не магу, таму што ў анкетных дадзеных гэтыя звесткі не пазначаны. А атрымаць звесткі з архіваў КДБ на сённяшні дзень амаль немагчыма.

Калі вяртацца да гэтых рэпрэсаваных вёсак. Я аналізаваў дадзеныя па вёсках, праглядаў, з якіх вёсак бралі людзей на расстрэл, мяне вельмі ўразіла сітуацыя ў Крупскім раёне, у прыватнасці некалькі вёсак – Малыя Жаберычы, Вялікія Жаберычы, Райцы, з гэтых вёсак было расстраляна ў Воршы каля 40 чалавек. І гэта вельмі вялікая лічба. І мне стала цікава, а што там адбылося. А адбылося там наступнае. У 20-ыя гады ў гэтых вёсках была база антыбальшавіцкага атамана Моніча, які па сутнасці быў антысавецкім партызанам. І была гісторыя, што ягоны атрад спыніў міжнародны цягнік «Масква-Берлін». Яны абрабавалі дыпламатаў, абрабавалі тых чыноўнікаў, якія ў цягніку ехалі. Ну і відавочна бальшавікі дараваць не магі. “Банду” Моніча яны выкрылі, самога Моніча яны забілі, а астатніх пазней рэпрэсавалі. Гэта было недзе канец 20-х, можа быць пачатак 30-х. А ў 37-ым да гэтых людзей, якія жылі ў гэтых вёсках, энкавэдысты прыйшлі зноў, каб адпомсціць большай колькасці жахароў.

РР: Ці вядомы месцы, дзе расстрэльвала людзей НКВД?

Ігар Станкевіч: У 2017 годзе прадстаўнік КДБ, тагачасны намеснік старшыні КДБ Ігар Сергіенка назваў такія лічбы – 11 месцаў, дзе расстрэльвалі людзей у БССР да 1939 года. Ён назваў гарады – гэта Бабруйск, Слуцк, Ворша, Магілёў, Менск, Гомель, Полацк і г.д. Але ён схлусіў, таму што ён назваў проста гарады, вакол якіх адбываліся расстрэлы. Насамрэч месцаў расстрэлаў людзей значана болей. Амаль вакол кожнага з гэтых гарадоў можа быць мінімум адно, а можа быць і некалькі месцаў расстрэлаў. Прынамсі ў Воршы гэта мінімум два месцы – Кабыляцкая гара і лес на Магілёскай шашы. Пад Віцескам – гэта Паляі, Хайсы, Цёплы лес і г.д. Гэтыя мясціны савецкія ўлады імкнуліся прыхаваць, каб была сцёртая памяць пра іх. І сучасныя ўлады не імкнуцца неяк пазначаць гэтыя мясціны.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя