Са спісу адвакатаў, размешчаных на сайце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, зніклі некалькі вядомых і дасведчаных адвакатаў, паведамляе defendersbelarus.org.
Гэта адбылося ў перыяд з 28 лютага 2024 года да 26 мая 2024 года. Нагадаем, 28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні адвакатаў. Дакладная колькасць затрыманых і прычыны застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называлі лічбу ў 12 адвакатаў. Большасць з тых, каго затрымалі, хутка адпусцілі на волю.
Так, з сайта БРКА зніклі даныя як мінімум 15 адвакатаў Менскай гарадской і Менскай абласной калегіі адвакатаў, сярод якіх сустракаюцца імёны адвакатаў, дата выдачы ліцэнзіі якім датуецца 1993 годам.
Перадусім гэта наступныя адвакаты: Ірына Багніч, Вольга Безбародкіна, Наталля Яфімчык, Анжэла Ратнер, Галіна Пархімчык, Ірына Шабанава, Галіна Шынкарэнка, Алег Глушнёў, Ірына Багдановіч, Яніна Аляксандрава, Вікторыя Кастраміна, Таццяна Ляташка, Анастасія Косава, Аляксандр Галавач.
Важна адзначыць, што ніякай інфармацыі аб прымяненні традыцыйных працэдур пазбаўлення права на прафесію ў адкрытым доступе няма. Магчыма, гэта праява новай стратэгіі ў адносінах да пазбаўлення адвакатаў права на прафесію – непублічнасць такіх рэпрэсіўных методык.