Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвясціў 21-га траўня Днём палітвязня. У Беларусі налічваецца вялікая колькасць палітвязняў – больш чым 1300 асоб, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Мы пагаварылі з нашай госцяй Інай Драніцай, якая ў 2021 годзе адсядзела 59 сутак і пазбегла далейшага арышту толькі таму, што змагла ўцячы ад ахоўнікаў рэжыму. Даведаемся, што ўдалося жанчыне перажыць, пра што яна марыць, што раіць беларусам ў выгнанні.
РР: Чаму вам прыйшлося з’ехаць з Беларусі?
Іна Драніца: Я адсядзела 59 сутак. І зноў прыйшлі па мяне. І таму ўцякала. Яны ў дзверы – я ў вакно. Неяк так.
РР: А за што вы сядзелі 59 сутак?
Іна Драніца: Першы раз мяне затрымалі з нашым нацыянальным сцягам на вуліцы. Прысудзілі 14 сутак. Не выпусцілі. Перазатрымалі яшчэ на 15, бо ў тэлеграме, перад тым як я выйшла на вуліцу, было напісана «я выходжу». Яны палічылі гэта таксама пікетам. Ну вось ужо 29 сутак. Я іх адсядзела, мяне выпусцілі. Два месяцы я была на свабодзе. Пазней яны прыйшлі да мяне з вобшукам і павесілі сцяг мне на вакно.
РР: Самі?
Іна Драніца: Самі. Прычым на вобшуку былі панятыя. Пасля таго, як панятыя выйшлі, яны павесілі сцяг на вакно і зрабілі мне такі «пікет». І паўторна прысудзілі 30 сутак.
РР: Гэта ў якім горадзе адбывалася? У Менску?
Іна Драніца: Так, у Менску. І я сядзела на Акрэсціна.
РР: Гэта ў які час было?
Іна Драніца: Калі я першы раз сядзела, гэта быў ліпень 2021 года. А другі раз – кастрычнік. Два месяцы я была на свабодзе, і ў кастрычніку мяне зноў затрымалі.
РР: Што вы можаце сказаць пра ўмовы ўтрымання?
Іна Драніца: Умовы, як і пішуць, у мяне былі такія самыя. У двухмясцовай камеры, сумнавядомай 15-й жаночай, сама менш нас было шэсць чалавек. А было і дзесяць, і дванаццаць, і чатырнаццаць.
РР: Адсутнасць пасцелі, бялізны…
Іна Драніца: Канешне. Былі дзве шконкі двухпавярховыя, Спалі і на лаўках, і на падлозе, і на стале.
РР: Ці дазваляліся вам перадачы? Сувязь з родным?
Іна Драніца: Сувязі не было. Калі я яшчэ сядзела першы раз, то перадалі мне дзве перадачы, але іх не аддавалі. Спасылаліся на каранавірус. Перадачы прымалі, але не аддавалі. А ў кастрычніку ўжо нават не прымалі. У душ не вадзілі. На шпацыры не вадзілі. Падсаджвалі бамжоў з вошамі. Кожны дзень мы перабіралі валасы адна ў адной.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Іны Драніцы