Сённяшняя госця Беларускага радыё Рацыя — эколаг, экспертка даследавання ініцыятывы “Твае зялёныя вочы” Інэса Балоціна.
Наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч гутарыць з ёй пра новы выпуск Чырвонай кнігі і пра тое, пад якія рызыкі цяпер могуць трапіць каштоўныя для Беларусі віды раслін і жывёл.

РР: Ваша даследаванне пра новы выпуск Чырвонай кнігі. Чаму яе зараз перавыпускаюць, наогул, як гэта зараз збудавана і што з ёй не так?
Інэса Балоціна: Рыхтуецца пятая рэдакцыя Чырвонай кнігі. Гэта запланаванае мерапрыемства, таму што Чырвону кнігу рэдагуюць раз на10 гадоў. Папярэдняя Чырвоная кніга выйшла ў 2014 годзе. Натуральна, што ў гэтым годзе павінна выйсці новая рэдакцыя.
За гэтыя 10 гадоў навукоўцы павінны падвесці вынікі маніторынгу за відамі флоры і фаўны, паглядзець, што адбывалася з відамі, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу, і з іншымі відамі біяразнастайнасці і вырашыць, ці трэба нейкія змены, датычныя відаў у Чырвонай кнізе ці ўнесці нейкія новыя віды альбо выключыць з Чырвонай кнігі. Магчыма, нейкія віды зніклі ці нейкія віды за гэтыя 10 год зрабіліся больш рэдкімі. І таму гэта такое запланаванае мерапрыемства. Адказвае за Чырвоную кнігу ў нас Міністэрства прыродных рэсурсаў, але сёлета цікавасць была да Чырвонай кнігі таму што з’явіліся заклікі да таго, каб вынесці з яе некалькі чырвонакніжных відаў. Размова ідзе, па-першае, пра вялікіх такіх, харызматычных, як мы кажам, жывёл – гэта мядзведзь, рысь і таксама барсук, ішла размова і пра зубра. І таму вось гэтыя заклікі з’явіліся апошні раз у 2022 годзе з вуснаў старшыні беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Нават былі такія вялікія дыскусіі паміж паляўнічымі і прыродаахоўнікамі. У СМІ ўвесь час з’яўляюцца публікацыі, шмат публікацый было несапраўдных, публікацый датычных мядзведзя, быццам ён напаў і забіў людзей. З расейскіх нейкіх тэрыторый выдаецца за беларускую. І таму была цікавасць грамадскасці, што сапраўды, ці нейкім такім чынам паўплываць, ці нейкія віды жывёл таксама будуць вынесеныя.
Да таго ж у прошлым годзе была нават створаная адмысловая працоўная група з прадстаўнікоў Мінпрырода, Мінлесгаса, адміністрацыі прэзідэнта, з паляўнічых. Гэтая камісія павінна была вызначыцца з захадамі, якія тычацца відаў, якія могуць уяўляць перашкоду для гаспадарчай дзейнасці. То бок трэба было звярнуць увагу на (былі дакладна названыя) рысь і мядзведзя, а таксама на птушак – гэта дубальт і драч. І таму вось на такім узроўні ўзнікла пытанне, і таму таксама зноў была прыцягнутая ўвага грамадскасці да таго, што адбываецца.
Да таго ж мы назіраем такія тэндэнцыі апошнія гады, што, па-першае, з 2020 года шмат грамадскіх арганізацый экалагічных былі ліквідаваныя і прыпынілі сваю дзейнасць. Па-другое, Беларусь выйшла з Бернскай канвенцыі, таму гэта таксама быў такі сігнал нядобры.
Экспертка нагадвае – Чырвоная кніга будзе выпушчана ў 2025 годзе. Зараз грамадства праз звароты ў кампетэнтныя інстанцыі можа прынамсі паспрабаваць паўплываць на яе выніковы змест.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя