BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ініцыятыве “Напішы ліст палітвязню” ў Варшаве больш за 4 гады

Ініцыятыва “Напішы ліст палітвязню” ладзіцца ў Варшаве больш за 4 гады. За гэты час актывістамі было напісана звыш 6500 лістоў тым, хто за кратамі. Госці Рацыі – мадэратаркі доўгатэрміновай грамадскай акцыі Ганна Скараходава і Алёна Панамарова – распавялі нашай журналістцы Марыне Савіцкай пра цяперашнія асаблівасці сустрэч, а таксама пра тое, што прымушае іх не здавацца ў сваім руху.

Ганна Скараходава і Алёна Панамарова

РР: Ініцыятыва “Напішы ліст палітвязню” існуе ўжо не адзін год, як яна змянілася за гэты час?

Алёна Панамарова: Шчыра кажучы, асноўнае, што мы рабілі і працягваем рабіць – пішам лісты палітвязням, мы карыстаемся спісамі з disident.by, мы адпраўляем іх у Беларусь. Але, канешне, змяніўся і склад удзельнікаў, і засталіся старыя валанцёры, якія ўвесь час з намі. Я б сказала, што мы сталі больш трывалымі за гэты час. Зараз, на жаль, стала менш спадзеваў, але, як у мацоўні, мы сталі больш трывалымі, і мы ведаем, што гэты марафон мы мусім прайсці. Таму наша ініцыятыва нас вучыць шмат чаму.

РР: Напрыклад?

Алёна Панамарова: Добра ставіцца адно да аднаго, старацца дапамагаць адно аднаму, таму што наша ініцыятыва не толькі пра лісты, але і пра людзей, якія прыходзяць да нас. Мы заўсёды кажам, што гэта таксама такая своеасаблівая тэрапія для людзей, якія хочуць удзельнічаць у дэмакратычным руху, хочуць дапамагаць палітвязням, але зараз такі час, калі цяжка нешта рабіць наўпрост. Можна, канешне, дапамагаць данатамі, і многія з нашых валанцёраў, я ўпэўненая, гэта робяць. Можна дапамагаць палітвязням, якія вызваліліся, але рабіць нешта ў бок Беларусі вельмі складана.

Наша ініцыятыва робіць маленькія крокі, у тым ліку мы лічым, што мы таксама маленькімі кропелькамі ўплываем на сістэму ўнутры Беларусі, таму што людзі, якія там працуюць, усё гэта бачаць. Што людзі з’ехалі за мяжу, але яны не забыліся, не спыняюцца, яны працягваюць пісаць лісты. І таму, канешне, мы навучыліся надзеі, мы навучыліся любіць адно аднаго, цаніць адно аднаго, яшчэ больш салідарнасці, разуменню, што нават самыя маленькія крокі могуць усё ж такі даць нейкі вынік.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра падрыхтоўку да асобнай ініцыятывы “Напішы ліст”, то бок з чаго пачынаецца вашая серада і чым завяршаецца?

Ганна Скараходава: У нас усё пачынаецца не ў сераду, мы пачынаем за некалькі дзён перад гэтым. Глядзім на сайце disident.by палітзняволеных, у якіх менш за ўсё лістоў у банку лістоў і складаем спіс для наступнай сустрэчы. Далей у сераду мы прыходзім і раскладваем увесь асартымент, што маем, а гэта канверты, лісты, паштоўкі, расфарбоўкі і шмат іншага. Далей мы чакаем нашых валанцёраў, ставім імбрык, таму што ўсё ж такі на вуліцы зіма і хочацца пагрэцца не толькі ў прыемнай кампаніі, але яшчэ і за кубкам гарбаты.

Цалкам гутарка:

Напісаць ліст палітвязням, а таксама падтрымаць актывістаў можна кожную сераду ў Беларускім моладзевым хабе з 18:00 да 20:00.

Беларускае Радыё Рацыя