Інтэрпол адмовіўся выдаць запытаны ўладамі Польшчы міжнародны ордар на арышт экс-суддзі Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь. Пра гэта агенцтву PAP паведаміла прэс-сакратар Галоўнай камендатуры паліцыі рэспублікі Катажына Новак.

Прычынай адмовы, паводле яе слоў, стаў артыкул 3 статута Інтэрпола, які забараняе арганізацыі «ажыццяўляць якое-небудзь умяшальніцтва або дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага або расавага характару».
«Інтэрпол адмовіўся выдаць чырвонае апавяшчэнне ў дачыненні да суддзі Томаша Шміта ў сувязі з тым, што ён не дазваляе перадаваць па сваіх каналах дадзеныя па дзеяннях супраць бяспекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы», — цытуе Новак PAP.
У Варшаве 55-гадоваму Шміту выстаўлена абвінавачанне ў шпіянажы. Томаш Шміт уцёк у Беларусь 6 траўня. Ён даў у Менску прэс-канферэнцыю, на якой абвясціў, што мае намер запытаць у Беларусі палітычны прытулак. Польскія спецслужбы мяркуюць, што Шміт некалькі гадоў кантактаваў з беларускай разведкай і расейскімі агентамі ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя






