Аляксандру Поваду 29 гадоў. Ён родам з Хойнікаў Гомельскай вобласці. У 2016 годзе хлопец скончыў Менскі дзяржаўны энергетычны каледж, а пасля паступіў у Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя Сахарава БДУ, дзе ў 2021 годзе атрымаў дыплом медыцынскага фізіка, піша «Наша Ніва».

На «Атамтэх» Аляксандр уладкаваўся працаваць інжынерам дазіметрычнага аддзела і праграмістам. Ён таксама выкарыстоўваў машыннае навучанне для аналізу радыяцыйных даных і працаваў з праграмамі для мадэлявання выпраменьвання. З рэзюмэ Аляксандра выглядае, што ён спецыяліст высокага ўзроўню на сутыку IT і ядзернай фізікі.
У сацсетках Аляксандр часцей за ўсё каментаваў нешта па-беларуску — пра кіно, мовы, мемы. У вольны час ён рабіў унёсак у праекты з адкрытым зыходным кодам на Github.
Менскі гарадскі суд нядаўна вынес яму прысуд паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Аляксандру, верагодна, прысудзілі «хатнюю хімію».






