Мінула два месяцы як загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Аўдзей з пазыўным “Рыжий”. Госця Рацыі – актывістка беларускай дыяспары ва Украіне Ірына Лукашэнка ўзгадвае Аляксея, а таксама распавядае пра тое, як дыяспара дапамагае ваярам.

Аляксей Аўдзей
РР: Мы з вамі гутарым у той дзень, як два месяцы няма вашага сябра, не стала Аляксея. Распавядзіце, які ён быў, якім вы яго запомнілі.
Ірына Лукашэнка: Я думаю, што яму было б прыемна пачуць пра сябе нешта. Перш за ўсё, калі выдзяляць нешта з таго, што больш за ўсё кранала, ці больш за ўсё ўражвала ў чалавеку, то гэта шчырасць ва ўсім. Ён быў вельмі шчырым чалавека. Ён намагаўся так жыць паўсюль і заўсёды. І ў тым, чым ён займаўся на вайне, і ў звычайным жыцці, і ў кантактах з людзьмі проста быў сабой, не хаваў і дрэнныя, і добрыя якасці. Жыў як адчувалася і хацелася. Напэўна гэтага вельмі мала, таму што мы намагаемся паказваць толькі добрае, штосьці прыхоўваць, ці проста жыць больш у сабе, а тут ты трошкі вучышся быць больш шчырым, адкрытым да ўсяго і да ўсіх.
РР: Як ён патрапіў у войска? То бок, якім чынам ён апынуўся ва Украіне? Што прывяло яго?
Ірына Лукашэнка: Ён у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі. Яго некалькі разоў затрымлівалі. Другі раз, калі яго затрымалі, моцна пабілі, і яго забрала «хуткая». І амаль адразу пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі, таму што было зразумела, што ад яго проста так не адчэпяцца. Ён жыў у розных краінах, у тым ва Украіне. Ва Украіне ён жыў больш за ўсё. Яму тут спадабалася, ён быў удзячны гэтай краіне за тое, што яна яго выратавала, дапамагла. На момант пачатку поўнамаштабнай вайны ён быў у Грузіі. І калі гэта ўсё пачалося, ён адразу вырашыў прыехаць сюды, каб дапамагаць Украіне, якая дапамагла яму. Былі праблемы з дакументамі. Ён не адразу прыехаў, напэўна гэта быў красавік. Вырашыў праблемы з дакументамі, прыехаў і пайшоў ваяваць.
РР: Гучыць так, што чалавек быў вельмі чуллівы да несправядлівасці. Так?
Ірына Лукашэнка: Так. І не толькі тут, але агулам паўсюль. Вы добра сказалі, што быў чуллівы да несправядлівасці ва ўсім. Калі нешта, напрыклад з яго сябрамі, не так, ён адразу, не пытаючыся, дапамагаў. Ён ішоў у бой, можна так сказаць, каб праўда перамагла.
РР: Ці магчыма зараз паведаміць, каб не сказаць нешта лішняе, што менавіта з ім здарылася? Я ведаю, што ён загінуў падчас нейкага баявога задання. Магчыма ёсць нейкія падрабязнасці.
Ірына Лукашэнка: Я ведаю, што гэта быў штурм. Ён першы атрымаў раненне, якое, на жаль, было несумяшчальнае з жыццём. Ён яшчэ некалькі гадзін быў пры свядомасці. І потым загінуў. Гэта тая зона, дзе дагэтуль ідуць баі, таму вынесці яго адтуль пакуль немагчыма.
РР: То бок, я так разумею, гэтага яшчэ не адбылося.
Ірына Лукашэнка: Так. І таму гэта звычайна цяжка, калі цела няма і ў людзей ёсць нейкія спадзяванні. І яны намагаюцца ўхапіцца за любую надзею. Можа ён у палоне, можа яшчэ нешта. То бок, людзі шукаюць хоць нейкую надзею, каб учапіцца за яе, каб падумаць, што чалавек можа быць усё яшчэ жывы. У надзеі заўсёды хочацца верыць, але гэта не першы выпадак, калі целы застаюцца на полі бою, у тым ліку і беларусаў, было такое і 2022, 2023 і вось у 2025 годзе. Ёсць такія выпадкі, што некаторыя целы нават з 2022 года яшчэ не атрымалі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






