З Беларусі ва Украіну былі вывезеныя больш за сто палітычных зняволеных, яшчэ каля дзесяці чалавек, у тым ліку Алесь Бяляцкі, апынуліся ў Літве. Пра значэнне гэтых падзей і магчымыя наступствы наш карэспандэнт Сяргей Апановіч пагутарыў з былой палітзняволенай Ірынай Шчаснай.

Пра будучыя змены ў палітыцы распавядае Ірына Шчасная:
– Маё меркаванне такое: у Літву вывезлі іншаземных грамадзян, а Бяляцкі, магчыма, як лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Напэўна, гэта неяк паўплывала. А ўсіх іншых вывезлі ва Украіну. Гэта быў нейкі разлік рэжыму. Нягледзячы ні на што, мне хацелася б падзякаваць украінскаму боку за тое, што прынялі, за тое, што цёпла сустрэлі, за тое, што надалі ўвагу.
Па словах былой палітзняволенай, сярод вызваленых ёсць яе сябры і паплечнікі:
– Ёсць мае сябры, ёсць мой «падзельнік», на іх мове, на маёй мове гэта паплечнік. Ёсць дзяўчаты, з якімі я была разам у гэтай катавальні. Вельмі ўсцешана, што гэтыя дзяўчаты зараз на волі. Я вельмі за іх перажывала. Калі я пабачыла ў спісе іх прозвішчы, у мяне такая палёгка адбылася на сэрцы. Таму я вельмі ўсцешана. Як усе беларусы, вельмі рада таму, што яшчэ адна група палітвязняў апынулася на волі.
Ірына Шчасная чакае сяброў у Польшы, аднак да сёння невядома, хто якую краіну выбярэ для далейшай эміграцыі. Вядома толькі, што Нямеччына прапанавала Калеснікавай і Бабарыку месца для далейшага жыцця.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






