BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Шчасная: Мы абагрэлі сотні кіяўлян

Падчас нядаўніх студзеньскіх і лютаўскіх маразоў, падчас блэк-даўна, Украіна як ніколі патрабавала дапамогі. Дапамогі не толькі зброяй для ваяроў, але і звычайнай людской салідарнасцю, дапамогі цывільным людзям перажыць гэты цяжкі час. Беларусы выказалі сваю салідарнасць з украінцамі, былі  сярод валанцёраў у Кіеве, ладзілі “Пункты нязломнасці” – месцы, дзе можна было пагрэцца, папіць гарбаты, пабыць разам.

Ірына Шчасная
Ірына Шчасная

Госця Рацыі – валанцёрка “Пункта нязломнасці” ў Кіеве Ірына Шчасная:

-Гэта першы такі жыццёвы досвед валанцёрства. Я не скажу, што гэта было лёгка. Я яшчэ не пераасэнсавала тое, што адбылося, але адзінае, што магу сказаць дакладна, што справу з Аленай Жаркевіч, з валанцёрскім цэнтрам “Сустрэча” мы рабілі добрую, таму што абагрэліся сотні людзей. Тое ж самае зарадзіць мабільнікі і паўэрбанкі, папіць гарбаты, калі ў кватэрах у жыхароў па +4  –  +8 градусаў. Як можна жыць, асабліва калі гэта сталы чалавек, пенсіянер? Я бачыла, як прыходзяць гэтыя бабулечкі, якія ўжо амаль нежывыя ад гэтага холаду і саграюцца. Мы рабілі ім бясконца гарбату, прапаноўвалі гарачую ежу. І людзі дзякавалі за тое, што ў іх ёсць магчымасць проста пабыць у цяпле, паесці цёплую ежу. Бо нагадаю, што шмат у каго электрычныя пліты і адсутнічае магчымасць прыгатаваць ежу праз тое, што ў кватэрах няма электрычнасці.

РР: Многа было такіх кватэраў не абагрэтых і людзі патрабавалі цяпла?

Ірына Шчасная: Вельмі шмат такіх кватэр, менавта ў тым месцы, дзе стаяў “Пункт нязломнасці”. Гэта Дарніцкі раён. І вельмі шмат пашкоджаных кватэр. Спачатку глядзіш – дамы як дамы, “хрушчоўкі”. А потым прыглядаешся – фанера ці нейкі цэлафан, а гэта проста ў людзей павыбівала вокны падчас дронавых атак. Я бачыла разбураны балістычнай ракетай дом – гэта вельмі жудаснае відовішча. Як расказалі мясцовыя жыхары, каля 10 чалавек проста не знайшлі, ад іх поста нічога не засталося. Праз тое, што пашкоджаны кватэры, там неймаверны холад.

РР: Як выглядаў ваш дзень? Як пачынаўся, што вы рабілі адразу?

Ірына Шчасная: Пачынаўся дзень звычайна – прыходзіш у пункт, сядзіш, пачынаюць прыходзіць людзі. Ты прапануеш ім ці гарбату, ці каву. Хтосьці нічога не хоча, хоча проста зарадзіць тэлефон. Прыходзяць людзі, каб проста сагрэцца. Потым бліжэй да абеду да  нас заўжды прыходзілі дзеці. Дзяцей вельмі шмат. Сярод гэтых дзетак – перасяленцы з Данбаса, якія бачылі вайну на ўласныя вочы. У нас там былі і алоўкі, і фламастары, дзеткі малявалі. Што малюе звычайны дзіцёнак? Кветачкі, дрэўцы, штосьці такое. А тыя дзеці, якія бачылі вайну на ўласныя вочы, якія ўжо растуць пры вайне, яны малююць танкі, ракеты, яны малююць вайну. Яны малююць свой жыццёвы досвед. І дзень цягнецца ў такім рытме да самай ночы. Калі-нікалі я заставалася і ночыць у “Пункце нязломнасці”. Па начах таксама прыходзяць людзі, але звычайна я праводзіла цэлы дзень, а потым ішла адпачываць. А на змену ўжо прыходзілі хлопцы і нашыя беларускія ваяры, і хлопцы з “Азова” прыходзілі, хлопец з батальёна “Крым” быў. І вось яны ўжо неслі начную варту. У лепшыя часы намёт праграваўся да +23 градусаў.

Ірына Шчасная
Ірына Шчасная

РР: Адкуль вы бралі ежу, гарбату?

Ірына Шчасная: Вельмі шмат рабілі менавіта беларусы, данацілі, асабліва беларусы ЗША. Цэнтр “Сустрэча” валанцёрскі шмат чаго рабіў, адміністрацыя дапамагала, так бы мовіць, усім гуртом. У нас увесь час была ежа і гарачыя напоі.

РР: А як у той час выглядаў Кіеў? Гэта быў цёмны горад?

Ірына Шчасная: Спачатку, калі я прыехала ў Кіеў 5 студзеня, гэта было яшчэ да масіраванага абстрэлу. І я ехала па горадзе, і ён быў прыгожы, светлы, усё працавала, ілюмінацыя яшчэ была навагодняя. І ў мяне складвалася такое ўражанне, што няма ніякай вайны. Людзі гуляюць, усё свеціцца. А потым здарыўся той страшэнны абстрэл, які вывеў з ладу энергетыку, і стаў проста цёмны горад. Едзеш, нічога не бычыш, толькі святло ад фар. Вельмі складана прыстасавацца да таго, што няма святла. Калі даюць на гадзіну-дзве на суткі, то ты як вавёрка круцішка ў коле, бо табе трэба і папраць, і памыцца, зрабіць усё неабходнае і ўкласціся ў гэты кароткі адрэзак часу. Але жыццё такое, што і да гэтага можна неяк прыстасавацца. Вялікі дзякуй энергетыкам, якія працавалі днямі і начамі і аднаўлялі энергаструктуру Укаріны. Пад канец майго знаходжання ў Кіеве, прынамсі ў Дарніцкім раёне, святло было амаль што цэлыя суткі.

Цалкам гутарка:

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя