
Інстытут сімвалічных хросных для беларускіх палітвязняў працуе. Гэта пацвердзіла ў нашым эфіры Ірына Шчасная, якая сёлета выйшла на волю, цалкам адбыўшы 4-гадовы тэрмін паводле палітычнага прысуду. Падчас зняволення ейнай сімвалічнай хроснай стала дэпутатка Еўрапарламенту Моніка Хольмаэр, распавядае Ірына.
— Я намагаюся наладзіць з ёй кантакт. Я ведаю, што яна вельмі памагала маёй сям’і, што яна падтрымлівала мяне. Я вельмі ўдзячная гэтаму чалавеку. Мне нават цяжка выказаць усё тое, што я адчуваю да гэтай жанчыны. Я памятаю тыя словы цеплыні, якія яна перадавала мне праз адваката, праз лісты, калі гэта яшчэ было магчыма. Я вельмі ўдзячная Моніцы.
Па словах Ірыны, адразу па вызваленні яна атрымала першую дапамогу ад фонду BySol, які арганізаваў эвакуацыю з Беларусі.
— Псіхалагічная падтрымка на такім цяжкім маршруце вельмі важная, бо чалавек у такім стане не можа самастойна рухацца наперад. Гэта і маральная падтрымка, і дапамога з утрыманнем мяне два месяцы ва Украіне, пакуль я чакала візу.
Разам з тым, Ірына Шчасная канстатуе, што далейшай грунтоўнай падтрымкі для былога палітвязня, які фактычна пачынае жыццё з нуля, яна не сустрэла.
Беларускае Радыё Рацыя






