BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Шчасная: У Беларусі трэба зрабіць так, каб людзі не баяліся, а ўлада дбала пра іх

4 гады таму Беласток прымаў першых беларусаў, якія з’язджалі з Беларусі пасля масавых пратэстаў супраць сфаільсіфікаваных вынікаў выбараў 2020 года. Зараз у сталіцу Падляшша прыязджаюць тыя, хто ўжо адбыў палітычнае зняволенне пасля тых падзей. Сярод іх – актывістка «Еўрапейскай Беларусі» і рэдактар тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь», былая палітзняволеная Ірына Шчасная, якая адбыла ў зняволенні 3 гады і 7 месяцаў.

Пра перажытое ў турме, жыццё ў Польшчы і тугу па Беларусі Ірына Шчасная распавяла нашаму радыё.

Ірына Шчасная: Мяне завуць Ірына Шчасная, я рэдактар тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь», за што і трапіла ў турму на 4 гады. Такі тэрмін мне вызначыў Магілёўскі абласны суд.

РР: З чаго ўсё пачыналася? Як увогуле вы трапілі ў гэты палітычны вір? Ці выпадкова ўсё гэта здарылася ў вашым жыцці?

Ірына Шчасная: Неяк так атрымалася, я нават не згадаю пры якіх абставінах. Зараз узгадваю тыя часы і здаецца, што так было ўсё маё жыццё. І дарэчы нават ніколі не думала, што раблю на момант 20-га году нешта вельмі страшэннае, што я сапраўды экстрэміст, якога з мяне зрабілі. Гэта проста былі навіны, нічога такога незаконнага. Я памятаю часы, калі рэклама «Маёй краіны Беларусь» была ў метро, і ніхто нас не чапаў. Потым 20-ы год, які змяніў жыцці дзясяткам тысяч беларусаў.

РР: Вас прымусілі праявіць палітычную актыўнасць несправядлівыя прэзідэнцкія выбары? Калі б зараз можна было паўтарыць гэты год, вы б зноў заняліся той дзейнасцю, якой займаліся?

Ірына Шчасная: Пэўна так. Займалася б той дзейнасцю, якой займалася, бо яшчэ раз падкрэсліваю, я не злачынца, я не экстрэміст, гэта былі проста навіны. У іншых краінах людзі за такую працу атрымліваюць грошы, ходзяць на працу, жывуць звычайным жыццём. У Беларусі, калі ты займаешся навінамі, ты злачынца. Хутчэй за ўсё трапіш у турму. У 20-м годзе наспела сітуацыя, варта было высветліць адносіны і паставіць кропкі над і. Чаму мяне закранулі ўласна тыя падзеі? Яны пэўна закранулі не толькі мяне, а ўсіх людзей, у каго ёсць сэрца, у каго яно балела ад таго, што адбывалася. Мы ўсе бачылі, як збівалі людзей проста на вуліцах. Я на ўласныя вочы пабачыла, што адбываецца ў турмах. Быць недзе ў баку было цяжка.

РР: Вы жанчына, маці, жонка, без вас засталася сям’я, пакуль вы знаходзіліся ў зняволенні. Ці бачыце вы ролю беларускіх жанчын у тым, што адбылося ў Беларусі ў 20-ым? Ці быў жаночы твар у гэтых пратэстах?

Ірына Шчасная: Я не разглядаю нейкі жаночы твар у пратэстах. Для мяне гэтая падзея агульначалавечага маштабу. Усё тое, што адбывалася, яно закранула як жанчын, так і мужчын. І ўсе ў роўнай ступені прыкладалі ўласныя намаганні дзеля таго, каб сітуацыя змянілася прынамсі ў нейкі лепшы бок.

РР: Давайце раскажам, як вас затрымлівалі, бо каб вас злавіць, прыйшлося перапранацца сілавікам у форму ЖЭСа і такім чынам пранікаць у пад’езд.

Ірына Шчасная: Я сядзела дома і чакала маці. Муж працаваў, дзіцёнак навучаўся тады ў другую змену, таму знаходзіўся дома. Гэта адбылося раніцай у адзінаццаць. Яны сапраўды пераапрануліся ў форму жэсаўцаў і чакалі пакуль прыедзе мая мама. У маёй мамы ёсць уласныя ключы ад кватэры, дзе мы жылі. Падпільнавалі маму і калі яна адчыніла дзверы, зайшлі ў кватэру, мяне адразу схапілі і адцягнулі ад кампутара, каб я нікога не змагла папярэдзіць. Потым правялі вобшук. Мяркую, гэта стандартная працэдура. Потым губазік. Потым Следчы камітэт. Потым Акрэсціна. Ну і затым Валадарка. У маім выпадку пасля Валадаркі яшчэ Магілёўскае СІЗА, таму што нас там судзілі. Чамусьці вырашылі разглядаць нашу справу не ў Менску. У выніку цяжкі этап на Магілёў. Так атрымалася, што я яшчэ прабыла 5 месяцаў у Магілёве. Затым сумна вядомая жаночая калонія № 4 у Гомелі.

РР: Ці можна сказаць, што рабілася так адмыслова – менскіх накіроўвалі выключна на усход Беларусі, а з усходу адпраўлялі на захад, каб было цяжэй сустракацца з роднымі і ўвогуле трымаць сувязь?

Ірына Шчасная: Канешне, гэта было наўмысна. Я чула нейкія тлумачэнні, што суды пад завязку забітыя ў Менску, але я мяркую, што гэта наўмысна, амаль што ўсе людзі па нашай справе пражывалі ў Менску, і родныя, і адвакаты з Менску. Проста была задача зрабіць жыццё яшчэ горай.

РР: Што б вы параілі тым, хто можа трапіць ў турму як палітычны вязень? Можа ёсць нейкія агульныя правілы выжывання ў турме.

Ірына Шчасная: Вельмі важна, каб тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі, падтрымлівалі сваякі. Таму што я гэта ведаю па сабе – як важна атрымліваць лісты ад людзей, якія табе дарагія. Канешне, сябар ці сяброўка напісаць не можа, таму што гэта не блізкі сваяк, не аддаюць лісты ад іншых людзей, толькі ад блізкіх сваякоў. Маральная падтрымка ад блізкіх людзей, гэта пэўна самы важны складнік выжывання.

Цалкам размова:

Размаўляла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя