BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Сідорская: Дзяржава хоча кантраляваць асабістае жыццё

Ірына Сідорская. Фота: з асабістага архіву

“Госця Рацыі” — кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Ірына Сідорская. Пагутарылі з ёй пра стаўленне ўладаў да жанчын, пра рэпрадуктыўнае права і верагодную забарону абортаў у Беларусі. Каля мікрафону — Алеся Вербаловіч.

РР: Чыноўнікі, перадусім Наталля Качанава, загаварылі пра перадабортнае кансультаванне. Як лічыце, да чаго гэта зараз? Няўжо так усё кепска з дэмаграфіяй, што трэба такім чынам праблему вырашаць?

З дэмаграфіяй на самой справе досыць кепска, але за кошт абортаў гэта дакладна праблему не вырашыць. Вы тут шмат пытанняў адразу ўзнялі. Давайце я паспрабую адказваць па частках. Па-першае, пра Наталлю Качанаву. Яна на самой справе ўжо цэлы год гаворыць пра ахову традыцыйных каштоўнасцяў, пра дэмаграфічную бяспеку. У гэтым рэчышчы гаворыць пра тое, што трэба забараніць ЛГБТ, чайлдфры, больш жорстка сачыць за рэпрадуктыўнай функцыяй жанчын і ўсё астатняе.

Я думаю, што хутчэй за ўсё аборты не забароняць, асабліва перад выбарамі. Наколькі можна гэты адзіны дзень галасавання называць выбарамі. Зразумела, што гэта непапулярная мера, падтрымкі ў электарату яна дакладна не знойдзе. Але я б ставілася да гэтых заклікаў Качанавай сур’ёзна, бо я думаю, што будуць істотныя абмежаванні з абортамі. Перш за ўсё дзяржава хоча паставіць рэпрадукцыйную функцыю беларусак пад свой кантроль. Вось тут я нават бачу больш такія небяспечныя і непрыемныя рэчы, нават як забарона абортаў.

Дзяржава паказвае, што асабістага жыцця ў беларусаў і беларусак зараз ужо і няма. Нават такія асабістыя, прыватныя рашэнні, як мець дзяцей, колькі, калі, гэта ўжо не асабісты выбар сям’і, пары, асобнай жанчыны. Гэта ўжо тое, што дзяржава лічыць падкантрольным, што яна мусіць рэгуляваць, куды яна кідае свой позірк. Калі дзяржава кудысьці глядзіць, то гэта заўсёды не вельмі прыемна для грамадзян.

Таму гэта такі пераход аўтарытарнай улады, якой яна была раней, якая гаварыла, што падтрымлівайце нас у перыяд выбараў, а ў астатні час можаце рабіць, што заўгодна. Зараз яна становіцца такой таталітарнай дзяржавай, якая хоча кантраляваць асабістае жыццё людзей. Яна будзе гэта рабіць патроху, на маю думку, але ў пэўным напрамку. Будзе касаваць розныя магчымасці, якія ёсць зараз, напрыклад у беларускіх жанчын.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Як зазначае спадарыня Ірына, вырашэннем дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі будзе не забарона абортаў, а спыненне рэпрэсій, дэмакратызацыя і сапраўдная падтрымка інстытуту сям’і.

Беларускае Радыё Рацыя